:

Аб рабочым візіце Прэм'ер-міністра Р.Галоўчанкі ў Іркуцкую вобласць

28.04.2023 г.

Беларусь застаецца адным з вядучых дзелавых партнёраў Іркуцкай вобласці Расіі. Пра гэта заяўлялася падчас рабочага візіту ў Іркуцк урадавай дэлегацыі Рэспублікі Беларусь на чале з Прэм'ер-міністрам Раманам Галоўчанкам. У складзе дэлегацыі таксама Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у РФ Дзмітрый Круты і замесціцель міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь Ігар Назарук.

28 красавіка кіраўнік беларускага ўрада правёў сустрэчу з губернатарам Іркуцкай вобласці Ігарам Кобзевым, азнаёміўся з працай авіяцыйнага завода – філіяла ПАО «Карпарацыя «Іркут» і прыняў удзел у цырымоніі ўскладання кветак да мемарыяльнага комплексу «Вечны агонь», наведаў Байкальскі музей Сібірскага аддзялення Расійскай акадэміі навук і архітэктурна-этнаграфічны музей «Тальцы».

У ходзе сустрэчы з кіраўніком расійскага рэгіёну Р.Галоўчанка распавёў аб прыярытэтах супрацоўніцтва з Іркуцкай вобласцю. Паводле слоў Прэм'ер-міністра, паказчыкі тавараабароту за першыя два месяцы гэтага года выраслі амаль на 6 працэнтаў. «Тут усё ў нашых руках. Неабходна прыкласці ўсе магчымыя сумесныя намаганні для забеспячэння ўстойлівай станоўчай дынамікі ўзаемнага гандлю на працягу ўсяго года». Паводле слоў Р.Галоўчанкі, беларускія прадпрыемствы здольныя закрыць практычна любыя патрэбы Іркуцкай вобласці ў сучаснай аўтамабільнай, сельскагаспадарчай, дарожна-будаўнічай і камунальнай тэхніцы. «Пры ўсім багацці выбару і канкурэнтным асяроддзі беларускія вытворцы зарэкамендавалі сябе надзейнымі і праверанымі пастаўшчыкамі, якія заўсёды выконваюць свае абавязацельствы і ідуць насустрач пажаданням эксплуататараў тэхнікі. Мы гатовыя шырэй удзельнічаць у праграме абнаўлення парку пасажырскай тэхнікі. Прапануем разгледзець шырокую лінейку аўтобусаў, трамваяў, тралейбусаў, у тым ліку электробусаў. Гэта сучасная тэхніка, якая зможа быць сапраўдным упрыгожваннем гарадоў Іркуцкай вобласці», – падкрэсліў Р.Галоўчанка.

Звярталася таксама ўвага, што беларускія МАЗ і БЕЛАЗ актыўна ўзаемадзейнічаюць з дадзеным расійскім рэгіёнам па пастаўках грузавой тэхнікі. «Але нашы вытворцы гатовыя прапанаваць не толькі кар'ерныя самазвалы. У БЕЛАЗа ёсць шырокая лінейка не толькі горназдабыўной тэхнікі: цягачы, буксіроўшчыкі. Мы таксама ведаем пра цікавасць іркуцкіх кампаній да горназдабыўнога абсталявання для бурэння, якое вырабляецца шэрагам беларускіх прадпрыемстваў», – адзначыў Прэм'ер-міністр.

Паводле слоў Р.Галоўчанкі, беларускія станкабудаўнікі валодаюць шырокімі кампетэнцыямі для распрацоўкі металаапрацоўчага абсталявання. У Беларусі вырабляюцца фрэзерныя, шліфавальныя і іншыя станкі. «Мы гатовыя падключыцца да праграм абнаўлення станочнага парку на прамысловых прадпрыемствах Іркуцкай вобласці і накіраваць сюды для перамоваў нашых вытворцаў, альбо прыняць у сябе прадстаўнікоў Іркуцкай вобласці для прадметнага абмеркавання гэтага пытання. Беларускія трактары і камбайны таксама добра сябе зарэкамендавалі, таму магу пацвердзіць, што Беларусь гатовая забяспечыць бесперабойныя пастаўкі сельгастэхнікі, прычапнога абсталявання», – запэўніў Р.Галоўчанка.

Паводле яго, любы план — гэта арыенцір руху. З'яўляюцца новыя тэмы і прыярытэты ў развіцці рэгіёнаў. У прыватнасці, гэта датычыцца супрацоўніцтва ў сферы лясной гаспадаркі. Вялікія планы ў Іркуцкай вобласці па будаўніцтве цэнтра гадоўлі лясных культур. Таму Беларусь прапануе свае тэхналогіі і магчымасці механізацыі лясной гаспадаркі, лесанарыхтоўкі, аднаўлення ляснога фонду. Акрамя гэтага, абмяркоўваліся пытанні ўдзелу беларускіх арганізацый у рэалізацыі будаўнічых і інфраструктурных праектаў на тэрыторыі гэтага расійскага рэгіёна.

Кіраўніцтва Іркуцкай вобласці таксама падтрымала тэму экспарту прадуктаў харчавання беларускіх вытворцаў. «Беларусь – адзін з найбуйнейшых сусветных экспарцёраў прадуктаў харчавання. Па сырах і масле мы на адной з перадавых пазіцый у свеце. Таму пастаўлена задача нарошчвання паставак на кітайскі рынак. Кітай – гэта сусед Іркуцкай вобласці, а ў рэгіёне працуе шмат бізнесу. Чаму б не выкарыстоўваць лагістычныя і камерцыйныя магчымасці расейскай вобласці, каб павялічыць пастаўкі беларускай прадукцыі на рынак Кітая? Трэба займацца гэтымі пытаннямі, падключаць бізнес, які актыўны ў рэгіёне. У цяперашніх умовах трэба пераходзіць у турбарэжым», – сказаў на заканчэнне Р.Галоўчанка.

У сваю чаргу I.Кобзеў распавёў, што падмуркам двухбаковых узаемаадносін сталі пагадненні аб супрацоўніцтве, падпісаныя з урадам Беларусі і Брэсцкім аблвыканкамам у 2016-2017 гадах. Для развіцця ўзаемавыгаднага партнёрства распрацоўваюцца планы мерапрыемстваў. Штогод праходзяць пасяджэнні рабочай групы па супрацоўніцтве з Беларуссю. Узгоднены план мерапрыемстваў на 2023-2025 гады», – падкрэсліў Губернатар. Па выніках 2022 года адзначаецца рост паставак тавараў беларускай вытворчасці ў рэгіён на 24%. Адміністрацыя горада Брацка летась набыла 25 тралейбусаў, у тым ліку 7 машын беларускай вытворчасці. Прадстаўнікі Іркуцкай вобласці падпісалі пагадненні з прадпрыемствамі «Гомсельмаш» і МТЗ. У межах гэтых пагадненняў у 2020-2023 гадах набыты 224 адзінкі збожжаўборачнай і кормаўборачнай тэхнікі. У 2023 годзе прадпрыемствамі аграпрамысловага комплексу Іркуцкай вобласці плануецца набыць не менш за 50 трактароў МТЗ і 15 камбайнаў «Гомсельмаш».

«Актыўнае развіццё ў Іркуцкай вобласці атрымала пашыраная сетка спецыялізаваных магазінаў з беларускімі таварамі. У муніцыпалітэтах Іркуцкай вобласці пастаянна праходзяць кірмашы па продажы беларускіх тавараў. За апошні час адбылося 16 такіх мерапрыемстваў. Беларуская прадукцыя карыстаецца ў іркуцкіх спажыўцоў стабільна высокім попытам за кошт высокай якасці і канкурэнтнай цаны», – распавёў І.Кобзеў.

Акрамя таго, вядзецца актыўная работа па развіцці супрацоўніцтва Гандлёва-прамысловай палаты Усходняй Сібіры і Брэсцкага аддзялення Беларускай гандлёва-прамысловай палаты. У рамках супрацоўніцтва з аддзяленнямі Беларускай гандлёва-прамысловай палаты ў 2022 годзе праведзены шэраг выстаў. Па выніках візіту акцыянернага таварыства «Амкадор» набыта лесанарыхтоўчая і дарожная спецтэхніка. Адбылося адкрыццё сэрвіснага цэнтра «Амкадор» па рэалізацыі, абслугоўванні і рамонце тэхнікі.

Сума кантрактаў па выніках візіту ўрадавай дэлегацыі ў Іркуцк склала $9,4 млн.

Версія для друку

Дыпмісіі Беларусі за мяжой

Усе дыпмісіі Сайт МЗС
Перайсці