:

У Мінску адбылася «Вялікая размова з Прэзідэнтам»

10.08.2021 г.

Сёння Беларусь апынулася ў фокусе ўвагі ўсяго свету, але не па сваёй волі. Аб гэтым Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка заявіў 9 жніўня ў час «Вялікай размовы з Прэзідэнтам» — сустрэчы з журналістамі, прадстаўнікамі грамадскасці, экспертнай і медыйнай супольнасці, паведамляе прэс-служба беларускага лідэра.

«Сёння Беларусь апынулася ў фокусе ўвагі ўсяго свету. Як і чаму, вы гэта ведаеце не горш за мяне. Заўважу толькі, што не па сваёй волі. Мы пражылі няпросты год», — адзначыў Прэзідэнт.

Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, многае з таго, што адбывалася апошнім часам у Беларусі, было ў большай ступені свядома скажона, нават перавернута з ног на галаву апанентамі дзяржавы. «Дзіўна, але часам сур’ёзныя сусветныя сродкі масавай інфармацыі наводзяць цень на абсалютна відавочныя рэчы, — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. — Таму сёння патрэбна гэта размова — у прамым эфіры, адкрытая, вочы ў вочы і без купюр».

Ён падкрэсліў, што ў сучасным свеце дэмакратыю даўно замяніў лічбавы дыктат. «І кіруюць у гэтым свеце адкрытыя мана, хайп, хейт, булінг, тролінг, боты і іншыя камунікатыўныя навацыі, — сказаў Прэзідэнт. — Сёння яны ствараюць негатыўны эмацыянальны фон у грамадстве або, як вы гаворыце, інфармацыйны шум. Самае сумнае, што гэты штучны віртуальны свет уплывае на прыняцце рэальных фундаментальных палітычных рашэнняў на міжнароднай арэне».

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што заўсёды заклікаў людзей, якія фарміруюць грамадскую думку, да захавання прафесійнай этыкі. «І сёння, нягледзячы на негатыўны вопыт мінулага, кажу: адзіны антыдот супраць інфармацыйнага яду ў выглядзе фэйкаў — гэта праўда і яшчэ раз праўда. Як кажуць у народзе, кропля камень точыць. Менавіта дзякуючы такому падыходу мы вытрымалі і ўпэўнена трымаем гэты інфармацыйны ўдар», — падкрэсліў Прэзідэнт.

«Мы прайшлі сур’ёзнае выпрабаванне на нацыянальнае адзінства. Ведаем, у нас ёсць усё для таго, каб гэты перыяд у сваёй навейшай гісторыі прайсці дастойна. Ёсць народ думаючы, адукаваны, адданы інтарэсам суверэннай Беларусі. Ёсць усеагульнае разуменне, што ў сферы нацыянальных інтарэсаў мы ўсе глядзім у адным напрамку — дзяржаўным», — заявіў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што цяперашні 2021 год і быў аб’яўлены Годам народнага адзінства таму, што беларусы змаглі захаваць краіну ў барацьбе за свой выбар гістарычнага шляху і сваіх перспектыў. Прэзідэнт падкрэсліў, што гэта было б немагчыма без кансалідацыі грамадства ў жаданні і імкненні забяспечыць мір на роднай зямлі.

Адзінства беларусаў, паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, прадэманстравала і паспяховая работа Усебеларускага народнага сходу. На форуме была прынята праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на бліжэйшую пяцігодку.

Завяршыўся першы этап работы Канстытуцыйнай камісіі. У яе адрас паступіла велізарная колькасць прапаноў па ўдасканаленні Асноўнага закона. «Заўважу, на пераменах настойвалі многія. І тады ўсе ўспрынялі змяненні ў Канстытуцыі як першы, самы галоўны і асноўны крок да гэтых перамен. Гэта значыць, на падставе законаў, усё астатняе было б хаосам і беззаконнасцю», — звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы.

Версія для друку

Дыпмісіі Беларусі за мяжой

Усе дыпмісіі Сайт МЗС
Перайсці