:

Беларуская дэлегацыя на чале з Прэм'ер-міністрам Р.Галоўчанкам наведала Новасібірск

27.04.2023 г.

Урадавая дэлегацыя Рэспублікі Беларусь на чале з Прэм'ер-міністрам Раманам Галоўчанкам з 26 па 28 красавіка наведвае з рабочым візітам тры расійскія рэгіёны – Новасібірскі, Іркуцкі і Свярдлоўскі.

Пасля прыбыцця ў Новасібірск 27 красавіка Р.Галоўчанка правёў сустрэчу з губернатарам гэтага расійскага рэгіёну Андрэем Траўнікавым, азнаёміўся з працай і прадукцыяй заводаў паўправадніковых прыбораў «Усход» і «Сібэлектрапрывад», наведаў «Гандлёвы дом «МТЗ-Сібір» і беларускі сельскагаспадарчы кірмаш, прыняў удзел у цырымоніі ўскладання кветак да Манумента славы ў гонар подзвігу сібіракоў у гады Вялікай Айчыннай вайны.

У ходзе сустрэчы з губернатарам Новасібірскай вобласці Р.Галоўчанка заявіў, што Беларусь эфектыўна ўзаемадзейнічае з Расійскай Федэрацыяй як на федэральным, так і на рэгіянальным узроўнях. Кіраўнік Урада выказаў упэўненасць, што прамыя кантакты з рэгіёнамі РФ з'яўляюцца асновай устойлівасці гандлёва-эканамічных сувязяў дзвюх краін. Пры гэтым Новасібірская вобласць была згаданая як найважнейшы партнёр для Беларусі. «Мінулы год быў вельмі выніковы. Узаемны абарот гандлю вырас на 42%, склаўшы амаль $500 млн.».

Гаворачы аб асноўных блоках супрацоўніцтва Беларусі і Новасібірскай вобласці, Р.Галоўчанка вылучыў сферу прамысловай кааперацыі. «Шэраг беларускіх і Новасібірскіх прадпрыемстваў маюць даўнія партнёрскія адносіны. Іх трэба падтрымліваць і развіваць. Паказальны прыклад –супрацоўніцтва найбуйнейшага сусветнага вытворцы кар'ернай тэхнікі «БЕЛАЗ» і Новасібірскага ТАА «Сібэлектрапрывад», якое рэалізуе праект па стварэнні цягавага электрапрывада для кар'ерных самазвалаў. Толькі ў мінулым годзе нашы закупкі прадукцыі Новасібірскага прадпрыемства выраслі больш чым у 2 разы і склалі каля $50 млн.», – распавёў Р.Галоўчанка.

Падчас наведвання прадпрыемства АТ «Новасібірскі завод паўправадніковых прыбораў «Усход» была абмеркавана тэма супрацоўніцтва ў сферы мікраэлектронікі. Прэм'ер-міністр таксама вылучыў узровень кааперацыі сумеснага прадпрыемства па капітальным рамонце і мадэрнізацыі трамвайнага парку «БКМ Сібір». Ён адзначыў, што ўрад Новасібірскай вобласці надае вялікую ўвагу абнаўленню парку пасажырскага транспарту. «Сёлета калегі «БКМ Сібір» плануюць выйсці на вытворчасць мадэлі з абноўленым сучасным кузавам. Наперадзе вялікая праца. З'яўляючыся супастаўшчыкамі ў рамках закупкі тралейбусаў, беларусы гатовыя прапанаваць Новасібірскай вобласці шырокую лінейку сучасных тралейбусаў і электробусаў. Ёсць і перспектывы нарошчвання паставак сельскагаспадарчай, спецыяльнай, камунальнай і грузавой тэхнікі. Гэта ўжо не толькі трактарная, але і грузавая тэхніка, да прыкладу, аўтамабілі МАЗ. Толькі ў 2022 г. сукупныя пастаўкі ўсіх гэтых катэгорый склалі каля $90 млн.», – распавёў Р.Галоўчанка.

Важным напрамкам двухбаковага ўзаемадзеяння з'яўляецца і аграпрамысловая сфера. «За 2022 г. тавараабарот харчовымі таварамі і сельскагаспадарчай сыравінай склаў $83 млн. пры гэтым – экспарт і імпарт збалансаваны і дзеліцца прыкладна напалову. Лічым важным працягваць нарошчваць аб'ём узаемных паставак. З улікам высокага ўзроўню развіцця малочнай жывёлагадоўлі рэгіёна пачата распрацоўка праекта пастаўкі сучаснага беларускага абсталявання для малочна-таварных ферм», – сказаў Прэм'ер-міністр.

Значнай сферай супрацоўніцтва, на думку Р.Галоўчанкі, таксама з'яўляецца навука: «Знакаміты Новасібірскі Акадэмгарадок – узор найважнейшых навуковых і адукацыйных цэнтраў Расіі. Нацыянальная акадэмія навук Беларусі і іншыя навуковыя і інавацыйныя арганізацыі нашай краіны даўно працуюць з Расійскай акадэміяй навук». «Мяркую, трэба рухацца больш актыўна і дынамічна для рэалізацыі напрацовак у рэальным сектары эканомікі. У прыватнасці, Новасібірская вобласць зацікаўлена ў беларускім абсталяванні для вытворчасці мікраэлектронікі, на якое вялікі попыт». Па запэўненні Р.Галоўчанкі, у Беларусі чакаюць фінальнай рэалізацыі распрацовак, якія вядуцца ў РФ, напрыклад, электроннай кампанентнай базы. Бакі дамовіліся, што і пляцоўка «Інтэграла» будзе ў поўнай меры задзейнічана для павелічэння вытворчых магутнасцяў. Адзначаецца вялікі попыт на прадукцыю «Планара».

У ходзе праведзенай сустрэчы А.Траўнікаў адзначыў, што для расійскага рэгіёну вельмі важна, што менавіта там працуе даччынае прадпрыемства Мінскага трактарнага завода – «Гандлёвы дом МТЗ-Сібір». «Сёння кожны другі трактар на палях рэгіёна – беларускай вытворчасці. Па дамоўленасці з беларускімі партнёрамі некалькі гадоў таму мы дабудавалі дзяржаўную падтрымку аграпрамысловага комплексу і цяпер стымулюем абласнымі сродкамі ў тым ліку закупку тэхнікі беларускай вытворчасці».

У Беларусі і Новасібірскай вобласці ёсць сумесныя праекты па сельскагаспадарчай тэхніцы. «Можа з'явіцца сумесны праект па вытворчасці самаходнай тэхнікі-апырсквальніка. Гэта вельмі запатрабавана на нашых палях, асабліва з улікам задач па павышэнні эфектыўнасці сельгасвытворчасці. Таксама для Новасібірскай вобласці актуальная тэма вытворчасці абсталявання для жывёлагадоўчых комплексаў і комплексаў па перапрацоўцы малака. Гэта прамое імпартазамяшчэнне і ў тым ліку рэакцыя на недружалюбныя дзеянні з боку асобных краін», – адзначыў Губернатар А.Траўнікаў.

Р.Галоўчанка прыняў удзел у цырымоніі перадачы 120 трактароў МТЗ сельгаспрадпрыемствам Новасібірскага раёна і Омскай вобласці, заявіўшы, што беларуская тэхніка стане надзейнай дапамогай для расійскіх аграрыяў.

Вялікую цікавасць у жыхароў Новасібірска выклікаў кірмаш беларускіх тавараў, які праходзіць з 22 па 30 красавіка, ёсць асаблівы попыт на прадукцыю лёгкай прамысловасці і харчавання беларускай вытворчасці. Толькі за адзін дзень новасібірцы зрабілі на кірмашы 16 тысяч пакупак, выдаткаваўшы каля 8 млн. расійскіх рублёў. «Цяпер думаем пра тое, каб прадставіць усю наменклатуру спажывецкіх тавараў беларускай вытворчасці ў гандлёвым суб'екце ці доме», – распавёў Р.Галоўчанка.

Пры гэтым ён удакладніў, што падчас візіту беларускай урадавай дэлегацыі ў расійскі рэгіён Беларусь і Новасібірская вобласць падпісалі кантракты на суму больш як $13 млн.

Працуючы над эканамічным парадкам дня, нельга забываць і аб гуманітарным напрамку, перакананы Прэм'ер-міністр. «Прыемна адзначыць, што ў Новасібірску зараз праходзяць Дні беларускай сталіцы – горада Мінска. Падобныя падзеі спрыяюць развіццю дзелавога і культурнага абмену. Мерапрыемства мае пазітыўны рэзананс сярод жыхароў Новасібірска», – адзначыў Р.Галоўчанка.

27 красавіка візіт у Новасібірск завершаны і ўрадавая дэлегацыя на чале з Р.Галоўчанка вылятае ў Іркуцк. 

Версія для друку

Дыпмісіі Беларусі за мяжой

Усе дыпмісіі Сайт МЗС
Перайсці