:

Аб сустрэчы прэзідэнтаў А.Лукашэнкі і У.Пуціна з касманаўтамі М.Васілеўскай і А.Навіцкім у Крамлі

12.04.2024 г.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка і расійскі лідэр Уладзімір Пуцін 12 красавіка правялі ў Крамлі сумесную сустрэчу з удзельніцай 21-й касмічнай экспедыцыі на МКС Марынай Васілеўскай і лётчыкам-касманаўтам Алегам Навіцкім.

Сімвалічна, што сустрэча кіраўнікоў дзяржаў з касманаўтамі Беларусі і Расіі прайшла ў Дзень касманаўтыкі. Зусім нядаўна Марына Васілеўская і Алег Навіцкі вярнуліся з арбіты. Для Беларусі гэта падзея па-асабліваму значная: упершыню ў гісторыі суверэннай рэспублікі яе грамадзянін здзейсніў касмічны палёт. На МКС у Марыны Васілеўскай была свая задача – правесці шэраг даследаванняў для беларускай навукі.

Уладзімір Пуцін павіншаваў са святам касманаўтаў і ў іх асобе – усіх, хто працуе ў гэтай галіне.

Аляксандр Лукашэнка ў сваю чаргу яшчэ раз выказаў падзяку расійскаму боку за супрацоўніцтва ў сферы космасу і падтрымку.

«Для вас гэта штодзённа, для нас гэта вялікая навіна, таму што першая дзяўчына-касманаўт апынулася ў космасе. Першы беларускі касманаўт незалежнай Беларусі. І Алег – наш: ён жа нарадзіўся пад Мінскам. Маці яго жыве там, нядаўна сустракаліся. Гэта сімвалічна. Таму я вам вельмі ўдзячны. Гэта не проста даніна павагі, што мы тут. Калі б тады вы не далі адмашку і не пагадзіліся, не было б гэтага палёту. Дзякуй за Марыну і дзякуй, што камандзірам гэтага палёту быў Алег. Гэта і ёсць наша адзінства: нарадзіўся ў Беларусі, служыў у Савецкім Саюзе (лётчык, выпрабавальнік), стаў касманаўтам у Расіі», – адзначыў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што сфера касманаўтыкі для беларусаў не чужая. Ды і сам ён ужо даўно пагружаны ў спецыфіку: бываў на розных касмадромах і ў галіновых установах розных краін, вывучаў тэхнічны бок пытання.

«Мы не сімвалічна, мы вельмі сур'ёзна працуем над сумеснымі праграмамі Беларусі і Расіі. Спадарожнікавыя праграмы мы робім разам. Мы з савецкіх часоў захавалі гэтыя заводы па вытворчасьці спадарожнікаў. Разам з расіянамі працуем. Цяпер – пілатуемыя палёты. Я казаў Уладзіміру Уладзіміравічу, што мы і надалей будзем разам працаваць. Ён учора мяне падтрымаў», – распавёў Аляксандр Лукашэнка.

«Оптыка за вамі», – растлумачыў Уладзімір Пуцін.

«Гэта без пытанняў. У нас оптыка, дарэчы, не горшая, чым на Захадзе. Таму падтрымана, што мы будзем працаваць разам, у тым ліку будзем лятаць у космас, будзем працаваць і ў цэнтры падрыхтоўкі (касманаўтаў. – Заўвага) і ў іншых месцах, дзе рыхтуюць, трэніруюць нашых пілотаў», – дадаў беларускі лідэр.

«Вас віншую з вяртаннем на Зямлю, – звярнуўся Аляксандр Лукашэнка да касманаўтаў. – Даліся вы нам, асабліва мне, вельмі нялёгка: калі не стартанула адразу ракета, у мяне ўсё ўпала. Я ўжо думаў: бяда. Не, малайцы. Усё нармальна, усё спрацавала. Вы своечасова вярнуліся, правялі патрэбныя эксперыменты. Я думаю, што мы яшчэ не аднойчы ўбачым сумесныя палёты расейцаў і беларусаў».

Планы тут сапраўды грандыёзныя: у найбліжэйшыя гады Расія плануе вывесці на арбіту першы модуль айчыннай арбітальнай станцыі. Гэта адкрывае вялікія перспектывы для двухбаковага супрацоўніцтва Беларусі і Расіі.

Алег Навіцкі падкрэсліў, што брацкія і саюзніцкія адносіны дзвюх дзяржаў дарагога каштуюць. Паводле яго слоў, падрыхтоўка беларускіх касманаўтаў прайшла паспяхова: паводле ацэнак інструктараў, абедзве дзяўчаты падышлі да яе вельмі адказна. «Усе надзеі, якія ўскладаліся на Марыну, яна поўнасцю апраўдала», – сказаў касманаўт.

Ён таксама павіншаваў прэзідэнтаў з Днём касманаўтыкі, адзначыўшы іх уклад у развіццё гэтага напрамку ў Беларусі і Расіі.

Марына Васілеўская прызналася, што для яе было шчасцем стаць першым касманаўтам у гісторыі суверэннай Беларусі. «Я старалася зрабіць усё магчымае, каб выканаць праграму на 100% і нават болей. Заваяванне космасу грамадзянінам Рэспублікі Беларусь – гэта вельмі выбітная падзея для нашай краіны. Хацелася б, вядома, і надалей працягваць у гэтай галіне. Шчаслівая, радая і ганаруся тым, што гэты праект адбыўся».

Версія для друку

Дыпмісіі Беларусі за мяжой

Усе дыпмісіі Сайт МЗС
Перайсці