:

Аб перагаворах Прэзідэнтаў Беларусі і Расіі

23.05.2022 г.

Перагаворы прэзідэнтаў Беларусі і Расіі Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна адбыліся 23 мая ў Сочы ў рэзідэнцыі Бачароў Ручай.

Прэзідэнт Расіі нагадаў, што аб поўнафарматнай двухбаковай сустрэчы кіраўнікі дзяржаў дамовіліся ў Маскве на палях саміту АДКБ. «Сапраўды, абставіны патрабуюць такой сур'ёзнай размовы, глыбокай. Маю на ўвазе і ўсё, што звязана з пытаннямі бяспекі ў рэгіёне, бяспекі нашых краін, і тое, што звязана з эканомікай», — сказаў Уладзімір Пуцін.

Ён звярнуў увагу, што, нягледзячы на ўсе складанасці, расійская эканоміка вельмі дастойна вытрымлівае санкцыйны ўдар: «Аб гэтым сведчаць усе асноўныя макраэканамічныя паказчыкі. У ходзе размовы пакажу Вам, што адбываецца. Так, вядома, усё няпроста. Усё, што адбываецца, патрабуе ад эканамічнага блока Урада асаблівай увагі, асаблівых намаганняў. У цэлым гэтыя намаганні даюць станоўчы эфект. Гэта адлюстроўваецца і на ўзроўні тавараабароту паміж нашымі краінамі».

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што эканоміка ў Расіі і Саюзнай дзяржаве на фоне санкцыйнага націску нечакана інтэнсіўна ўмацоўваецца.

«Вельмі важна (Вы неяк гэта адзначалі), што эканоміка ў Расіі і наогул у нас у саюзе не проста ўмацоўваецца, а нечакана інтэнсіўна ўмацоўваецца. Вазьміце інфляцыю, вазьміце беспрацоўе. Яно стала меншым. Зніжаецца ўзровень беспрацоўя. Гэта добра. Ну, і рубель умацоўваецца хуткімі тэмпамі. Каб мы тут не перабралі. Таму нечаканыя рэчы адбываюцца. Ну, гэта для іх нечаканыя. Мы чакалі, што гэта будзе. Гэта час магчымасцей. І яны (Захад), самі не разумеючы таго, нас падштурхнулі займацца больш інтэнсіўна сваёй эканомікай», — сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ўрады Беларусі і Расіі па даручэнні кіраўнікоў дзяржаў вызначылі асноўныя напрамкі ў сферы імпартазамяшчэння і нават палічылі ў першым прыбліжэнні, у што гэта абыдзецца. «Грошы зусім невялікія. Я не хачу публічна цяпер называць, таму што яны прыкладныя. Ну, зусім смешныя грошы. Але мы выйдзем па асноўных момантах, дзе ў нас не хапае камплектуючых і іншага на добрае імпартазамяшчэнне, — упэўнены беларускі лідар. — Я ўжо не гавару па лініі бяспекі. Мы ўжо добра працуем у сферы бяспекі па вытворчасці таго, што трэба нашай сумеснай арміі, якая тут дзейнічае».

«Таму ў эканоміцы сапраўды дзякуй ім, што далі нам штуршок да ўласнага развіцця. У нас вялікі рынак, у нас ёсць рэсурсы, тэхналогіі. Ну, а што адбываецца там, яны яўна недаацанілі. Яны жылі, чытаючы свае СМІ, ну і атрымалі інфляцыю… Праўда, Пуцін вінаваты. Там ва ўсім вінаваты Пуцін», — з іроніяй заўважыў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

Расійскі лідар у час сустрэчы канстатаваў рост тавараабароту паміж дзвюма краінамі. Паводле яго слоў, у мінулым годзе гандаль прадэманстраваў рэкордныя паказчыкі — амаль $38 млрд.

Уладзімір Пуцін таксама заўважыў, што даў аб сабе ведаць і пераход у разліках з дзяржавамі-партнёрамі на нацыянальную валюту. Пры гэтым для Беларусі і Расіі тут няма нічога новага, заўважыў ён, паколькі краіны ўжо даўно гандлююць па гэтым прынцыпе, цяпер аб'ёмы ў разліках расійскімі рублямі павялічваюцца.

«Вы неаднаразова ў ранейшыя часы аб гэтым таксама гаварылі, што трэба гэта рабіць. Сітуацыя аб'ектыўна склалася так, што мы гэта зрабілі. Не на шкоду нашым партнёрам, — падкрэсліў Прэзідэнт Расіі. — Выконваючы ўсе свае абавязацельствы, мы па некаторых таварных групах пераходзім на нацыянальную валюту, на рублі, і гэта садзейнічае ўмацаванню рубля».

«Зразумела, адно з ключавых пытанняў — гэта… Усе, напэўна, чакаюць, што я скажу энергетыка — гэта важна, але перш за ўсё прамысловая кааперацыя. Вы таксама неаднаразова ставілі пытанне аб тым, каб нам тут зрабіць дадатковыя крокі наперад», — сказаў Уладзімір Пуцін.

У якасці запланаваных для абмеркавання тэм Кіраўнік расійскай дзяржавы таксама назваў супрацоўніцтва ў сферах энергетыкі і сельскай гаспадаркі. «Прычым ва ўсёй яе сукупнасці», — дадаў ён.

«У нас вельмі шмат напрамкаў сумеснай работы, ёсць аб чым пагаварыць. Я ўжо не кажу пра далейшыя працэсы, звязаныя з будаўніцтвам Саюзнай дзяржавы. Тут мы, як і дамаўляліся, робім усё спакойна, без усялякай спешкі. Кожны крок вывяраем з тым, каб кожны гэты крок умацоўваў нас знутры, звонку, умацоўваў нашы палітычныя сістэмы. Ствараў умовы для іх развіцця», — сказаў Уладзімір Пуцін. Ён падкрэсліў, што кожны крок у будаўніцтве Саюзнай дзяржавы таксама павінен ствараць добрую, грунтоўную базу для эканамічнага развіцця абедзвюх краін.

Прэзідэнт Беларусі адзначыў, што ў сферы бяспекі на сустрэчы ёсць аб чым пагаварыць, асабліва ў сувязі з тым, што НАТА канцэнтруе войскі на заходніх рубяжах.

«Ёсць цікавыя нейкія рэчы нечакана ва Украіне. Вы гэта цудоўна ведаеце. Нас, ды і вас гэта павінна непакоіць, што яны (палітыкі) ужо робяць крокі да таго, каб расчляніць Украіну. Нас непакоіць тое, што яны гатовы, — палякі, натаўцы — выйсці, „дапамагчы” такім чынам забраць, як да 1939 года, Заходнюю Украіну. Нас гэта насцярожвае не толькі з пункту гледжання сённяшняй бяспекі. Гэта іх стратэгія і па Заходняй Беларусі. Таму мы трымаем вуха востра. І, як я гаварыў, яшчэ ўкраінцам давядзецца нас прасіць, каб мы не дапусцілі адрыву гэтай заходняй часткі і іншых частак ад Украіны. Гэта мая такая пазіцыя, і Вы гэта дакладна ведаеце, — сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы. — Тут у нас таксама праблем не менш, але ўжо не нашых праблем. Іх праблемы, якія нам давядзецца вырашаць. Учарашнія незразумелыя паводзіны ў Кіеве Прэзідэнта Дуды (Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда. — Заўвага). Дарэчы, які практычна нічога не вырашае ў Польшчы. Займаецца гэтымі фэйкамі».

Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што Беларусь і Расія паспяхова вырашаць узнікаючыя праблемы ў сферы бяспекі.

«У бяспецы Ваша праўда, я Вас падтрымліваю. Тут у нас праблем нямала. Але іх будзем вырашаць. Мы нічога не баімся. Як у былыя часы гаварылі, наша справа справядлівая і рана ці позна мы ўсё роўна пераможам», — падкрэсліў беларускі лідар. https://president.gov.by/be/events/rabochy-vizit-u-rasiyskuyu-federacyyu-1653054997

Версія для друку

Дыпмісіі Беларусі за мяжой

Усе дыпмісіі Сайт МЗС
Перайсці