Гісторыя комплексу будынкаў
Сапраўднай жамчужынай комплексу будынкаў Пасольства Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі з’яўляецца палац графа М.П. Румянцава. Будынак уяўляе сабой цікавы помнік рускай архітэктуры.
Будаўніцтва дома пачалося каля 1780 года, ў 1782 годзе ён быў ужо пабудаваны.
Спецыялісты лічаць, што дом будаваўся па праекце вялікага рускага дойліда В.І. Бажэнава. На яго аўтарства паказвае падабенства планаў гэтага дома з яго ўласным, а таксама з шэрагам царыцынскіх пабудоў. Некаторыя фрагменты дваровага фасада, які у найбольшай ступені захаваў першапачатковы выгляд, асабліва блізкія да творчасці гэтага славутага архітэктара.
У 1774 годзе купец М.Р. Хлебнікаў набывае ўчастак зямлі, які раней належыў дачцы губернскага пракурора Ладыжанскай. Затым ён купляе размешчанае побач уладанне тульскага купца Івана Пастухова, а праз год, ў 1779 годзе, далучае да сваіх уладанняў і зямельны ўчастак царквы Касьмы і Даміяна.
Вялікі каменны трохпавярховы дом, пабудаваны Хлебнікавым, адпавядае таксама чарцяжам ў альбоме вядомага архітэктара М.Ф. Казакова, што не выключае яго ўдзелу ў пабудове як таленавітага памочніка і вучня В.І. Бажэнава.
У 1878 г. быў закладзены праезд і расцесаны вокны першага паверха.
Сучасны выгляд будынка, з вокнамі па вулічным фасадзе, якія даходзяць да цокаля, і дзвярнымі праёмамі, даведзенымі да тратуара, склаўся да 1886 г. у выніку цэлага шэрагу перабудоў (праект архітэктара г.Кайзера).
Псеўдабарочнае аздабленне будынка магло з’явіцца ў 60-70-х гадах XIX ст., але не пазней 1874 года. У другой палове XIX стагоддзя на месцы саду Румянцава быў узведзены трохпавярховы каменны корпус з кватэрамі-пакоямі па доўгіх калідорах, якія здаваліся ў арэнду.
Гэты дом у 1793 годзе быў набыты графам П.А. Румянцавым-Задунайскім — фельдмаршалам, знакамітым палкаводцам, які праславіўся ў Сямігадовай, а затым у Турэцкай войнах — 1770-я — 1790-я гг.
«Герой-стеснитель ратных строев, Перун Кагульсуких берегов», — так пісаў пра П.А. Румянцава-Задунайскага А.С. Пушкін.
Па жаданні графа дом быў распісаны ўнутры карцінамі бітваў руска-турэцкай вайны, у якіх ён удзельнічаў. Каля дома быў разбіты сад.
Пасля смерці графа дом па спадчыне перайшоў да яго сына — графа Н.П. Румянцаву, вядомага дзяржаўнага дзеяча самых высокіх рангаў: міністр камерцыі, міністр замежных спраў Расіі, дзяржаўны канцлер, старшыня дзяржаўнага Савета, а пасля арганізатар і мецэнат рускай навукі, вядомы збіральнік расійскіх старажытнасцяў, фактычны заснавальнік Расійскай дзяржаўнай бібліятэкі. Праз 30 гадоў дом перайшоў у валоданне іншаму сыну — графу С.П. Румянцаву.
Расказвае вядомая сказальніца Е.Янькова: «Румянцевский дом на Покровке … там во многих комнатах были рисованные и барельефные изображения баталий, где участвовал Задунайский. Потом этот дом купил какой-то купец и, конечно, соскоблил и счистил все эти славные воспоминания. В 1864–1876 гг. другой купец Каулин уничтожил находившийся при доме обширный прекрасный сад, а Грачевы приспособили весь дом под квартиры и торговые помещения. Впрочем, и до сих пор, несмотря на множество сделанных в разное время перемен и специальных приспособлений, главный корпус сего дома представляется во многих своих частях сооружением величественным, грандиозным». («Рассказы бабушки. Из воспоминаний пяти поколений, записанные ее внуком Д.Благово». СПБ, 1885, с. 506).
Н.П. Румянцаў — каларытная фігура ў міжнародным дыпламатычным, навуковым і культурным жыцці Еўропы на мяжы XVIII-XIX стагоддзяў, якая заслугоўвае пільнай увагі нашых сучаснікаў сваім стаўленнем да спраў і славе Айчыны.
У XVIII — пачатку XIX стст., калі будынак належыў найбуйнейшаму рускаму палкаводцу таго часу П.А. Румянцаву і яго сям’і, частымі наведвальнікамі гэтага будынка былі М.М. Карамзін, І.І. Дзмітрыеў, М.І. Бантыш-Каменскі, В.А. Жукоўскі, П.А. Вяземскі і той шырокі круг дзеячаў рускай культуры, з кім ўладальнік дома і заснавальнік Румянцаўскага музея М.П. Румянцаў падтрымліваў адносіны.
Пасля Румянцавых уладанне перайшло ў рукі жонкі генерала Дзівава (1835-1839 гг.), затым купца-раскольніка Шчаглова (1840-1843 гг.), купцоў Усачова (1844-1857 гг.), Сапожнікава (1858-1864 гг.), Кауліна (1864-1876 гг.) і, нарэшце, Грачовых, якія валодалі ім з 1877 па 1918 гады. Тады ж дом быў прыстасаваны пад кватэры і гандлёвыя памяшканні.
У 1870-х гадах у Румянцаўскім палацы змяшчалася праўленне Лібава-Роменскай чыгункі, потым гады чатыры тут кватараваў адзін з бачных чыгуначных дзеячаў — В.К. Фон-Мекк (кіраўнік будаўніцтва Казанскай чыгункі).
У адной палове бельэтажа змяшчалася Гарадская аўкцыённая кантора, дзе штодня прадавалі «з малатка» будынкі і маёнткі знакамітых вяльможаў і дзяржаўных дзеячаў канца XVIII — пачатку XIX стагоддзяў.
У савецкі час корпус з кватэрамі быў надбудаваны яшчэ двума паверхамі. У гэтым корпусе аж да канца 60-х гадоў XX ст. знаходзіліся камунальныя кватэры, у адной з якіх жыў мастак В.К. Календа, аўтар шэрагу цікавых работ аб архітэктурных помніках Масквы.
Фасад будынка за сваю больш чым 200-гадовую гісторыю зведаў значныя змены, але, нягледзячы на пераробкі, будынак і цяпер уяўляе велізарную каштоўнасць.
У выніку натурных даследаванняў, праведзеных у 50-х гадах, былі вызначаны першапачатковыя формы будынка, які з’яўляецца не толькі архітэктурным, але і мемарыяльным помнікам. Галоўны дом гарадской сядзібы XVIIІ ст. і яго левы флігель захавалі багатае дэкаратыўнае і скульптурнае ўбранне сярэдзіны ХIХ ст., уключыўшы ў сябе элементы першапачатковага дэкору. Тыповая для XVIII ст. кампазіцыя з закругленымі кутамі, дзякуючы аднолькава багатаму дэкору галоўнага фасада і бакавых, разгортвае перад гледачом пластычна насычаную плоскасць, якая мае пэўную семантыку.
Скульптурныя жаночыя фігуры, якiя афармляюць другі і трэці паверхі, на першы погляд чыста дэкаратыўныя, але гэта алегарычныя выявы, якія сімвалізуюць земляробства і жывёлагадоўлю — на другім паверсе, свабодныя майстэрствы — тэатр, спевы, танец, архітэктуру, жывапіс, музыку — на трэцім (гэта лёгка зразумець, разгледзеўшы іх атрыбуты).
Звяртаюць на сябе ўвагу своеасаблівыя капітэлі канеліраваных калон паміж вокнамі другога параднага паверха, якія належаць невядомаму стылю. Металічныя балконы — таксама атрыбут эклектычнай дэкарацыі, як і масіўны карніз з атыкам, які падтрымліваецца кранштэйнамі.
Высокая якасць плана будынка, прынцыпы яго кампазіцыі, якія ўключаюць шмат складаных формаў, у тым ліку круглую лесвіцу, аб’ём якой выступае на дваровым фасадзе, дазволілі вылучыць здагадку пра аўтарства В.І. Бажэнава.
Нягледзячы на вельмі недоўгачасовую найноўшую гісторыю дыпламатычных адносін паміж Беларуссю і Расіяй, старадаўні палац на Марасейцы стаў сведкам многіх знамянальных падзей, якія характарызуюць развіццё добрасуседскіх адносін паміж дзвюма суверэннымі дзяржавамі і брацкімі славянскімі народамі.
У Блакітным зале праходзяць міжнародныя сустрэчы, сімпозіумы, прэзентацыі, «круглыя сталы». Пасольства наведваюць першыя асобы з кіраўніцтва Расійскай Федэрацыі (гасцямі былі Барыс Ельцын, Уладзімір Пуцін, Яўген Прымакоў, Генадзь Селязнёў, Ягор Строеў), паслы многіх замежных краін, вядомыя дзеячы культуры і мастацтва (Людміла Зыкіна, Аляксандра Пахмутава, Мікіта Міхалкоў, Іосіф Кабзон, Таццяна Дароніна, Яўген Мацвееў, Надзея Бабкіна, Эліна Быстрыцкая), мастакі (Аляксандр Шылаў, Валянцін Сідараў), пісьменнікі (Валерый Ганічаў, Пётр Праскурын, Юрый Бондараў, Уладзімір Карпаў), палітыкі і грамадскія дзеячы, бізнесмены, навукоўцы.