Парадак акрэдытацыі па сумяшчальніцтве ў Рэспубліцы Беларусь кіраўнікоў дыпламатычных прадстаўніцтваў з рэзідэнцыяй у г.Маскве, а таксама супрацоўнікаў дадзеных дыпламатычных прадстаўніцтваў
Зноў прыбыўшы ў Расійскую Федэрацыю кіраўнік дыпламатычнай місіі, які мае намер акрэдытавацца па сумяшчальніцтве ў Рэспубліцы Беларусь, накіроўвае праз Пасольства Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі ноту МЗС сваёй краіны, адрасаваную МЗС Рэспублікі Беларусь, або наносіць візіт Надзвычайнаму і Паўнамоцнаму Паслу Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі для выкладання сваіх намераў і прадстаўлення афіцыйных дакументаў (запыту на агрэман).
Запыт на агрэман уяўляе сабой вербальную ноту Міністэрства замежных спраў адпаведнай дзяржавы з просьбай даць згоду Урада Рэспублікі Беларусь на прызначэнне дадзенага дыпламата ў якасці Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла па сумяшчальніцтве ў Рэспубліцы Беларусь з рэзідэнцыяй у г.Маскве, з дадаткам біяграфічнай даведкі.
У Рэспубліцы Беларусь выдача (ці адмова ў выдачы) агрэмана кіраўніку дыпламатычнага прадстаўніцтва ажыццяўляецца ў адпаведнасці з агульнапрынятымі міжнароднымі нормамі і дыпламатычнай практыкай.
Пасля атрымання агрэмана (вербальная нота Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь) на прызначэнне дыпламата ў якасці Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла па сумяшчальніцтве ў Рэспубліцы Беларусь з рэзідэнцыяй у г.Маскве бок, які звяртаецца за акрэдытацыяй, накіроўвае ў адрас Пасольства Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі вербальную ноту з пажаданнямі па тэрмінах уручэння кіраўніком місіі даверчых грамат Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь.
Аб канчатковай даце ўручэння даверчых грамат паведамляе Служба дзяржаўнага пратакола Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь у выглядзе вербальнай ноты.
Усе наступныя фармальнасці па арганізацыі паездкі Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла ў Рэспубліку Беларусь для ўручэння даверчых грамат ўзгадняюцца са Службай дзяржаўнага пратакола МЗС Беларусі ці палітычным аддзелам Пасольства Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі.
Пасля ўручэння даверчых грамат кіраўнікі дыпламатычных місій і члены іх сем'яў праходзяць акрэдытацыю ў МЗС Беларусі. Для акрэдытацыі неабходныя: нота Пасольства з адпаведным запытам, дыпламатычны пашпарт, апавяшчэнне аб уступленні на пасаду і тры фатаграфіі на матавай паперы. Апавяшчэнне аб уступленні на пасаду запаўняецца на рускай (беларускай) ці англійскай мове з указаннем прозвішча, пасады, пашпартных дадзеных, хатняга адрасу, з асабістым подпісам і пячаткай дыпламатычнага прадстаўніцтва.
Тэрмін выдачы новай акрэдытацыйнай карткі альбо падаўжэння старой — 2 тыдні, тэрмін вяртання пашпарта — не менш за 3 рабочых дзён. У выпадку своечасовай падрыхтоўкі вышэйзгаданых дакументаў кіраўнікі дыпламатычных місій, як правіла, атрымліваюць акрэдытацыйныя карткі ў ходзе знаходжання ў Мінску з нагоды ўручэння даверчых грамат.
Супрацоўнікі дыпламатычных місій у Маскве, кіраўнікі якіх акрэдытаваны ў Рэспубліцы Беларусь па сумяшчальніцтве, таксама могуць акрэдытавацца ў МЗС Рэспублікі Беларусь. Колькасць акрэдытаваных дыпламатаў вызначаецца, зыходзячы з патрэб Пасольства, з улікам пратакольнай практыкі Рэспублікі Беларусь і на аснове прынцыпу ўзаемнасці.
Дыпламатычныя карткі выдаюцца супрацоўнікам дыпламатычных прадстаўніцтваў пры наяўнасці нацыянальнага дыпламатычнага пашпарта, запісу ў пашпарце, які пацвярджае дыпламатычную якасць уладальніка і дзеючай візы.
Дыпламатычныя карткі выдаюцца супрацоўнікам Пасольстваў, іх мужам і жонкам, а таксама, на аснове ўзаемнасці, дзецям (непаўналетнім сынам да 18 гадоў, незамужнім дочкам, якія пражываюць разам з бацькамі).
Пры змене службовага становішча супрацоўнікаў (павышэнне па пасадзе і г.д.) дыпламатычныя прадстаўніцтвы паведамляюць аб гэтым МЗС Рэспублікі Беларусь нотамі і прыкладваюць да іх дыпламатычныя пашпарты з указаннем новых дыпламатычных рангаў і пасад супрацоўнікаў, 1 фатаграфію, а таксама выдадзеныя раней дыпламатычныя карткі.
Пры канчатковым ад'ездзе супрацоўнікаў дыпламатычных прадстаўніцтваў у абавязковым парадку вяртаюцца дыпламатычныя карткі саміх супрацоўнікаў і членаў іх сем'яў. Дадзеныя дакументы не падлягаюць вывазу за мяжу.