:

Аб перагаворах з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным

09.10.2024 г.

Прэзідэнты Беларусі і Расіі Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін 9 кастрычніка правялі перагаворы ў Крамлі.

Кіраўнікі дзяржаў абмеркавалі актуальныя пытанні далейшага развіцця расійска-беларускіх адносін стратэгічнага супрацоўніцтва і саюзніцтва з акцэнтам на інтэграцыйнае ўзаемадзеянне ў рамках Саюзнай дзяржавы.

«Што датычыцца нашых адносін, самая галоўная выснова, як я мяркую, — Захад паставіў перад сабой планы ўдушыць нас, перш за ўсё ў эканоміцы, фінансах, – не атрымалася. Яны ўжо самі гэта прызнаюць», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.

«Вы правільна заўважылі – мы зрабілі стаўку пасля распаду Савецкага Саюза на захаванне і развіццё таго, што было. Яно спатрэбілася. Сёння мы разам працуем па вельмі многіх напрамках, вырабляем тавары. Яны ў асноўным знаходзяць попыт у Расійскай Федэрацыі. Расія мае патрэбу ў тых таварах, якія мы вырабляем. Ад сельскай гаспадаркі да мікраэлектронікі. Вы правільна аб гэтым сказалі», – адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён нагадаў, што яшчэ раней бакі дамовіліся аб узмацненні кааперацыі на перспектыву па многіх пытаннях. «Тое, што мы сёння робім», – заўважыў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт падтрымаў тэзіс свайго расійскага калегі аб тым, што свет імклівымі тэмпамі мяняецца. У сувязі з гэтым узнікаюць як новыя пагрозы, так і новыя магчымасці. «Зразумела, узнікаюць пытанні, якія трэба вырашаць. І колькі мы з вамі ні сустракаліся б, заўсёды палова нашых размоў – гэта ўнутраныя справы: дабрабыт беларусаў, расіян. І пытанні бяспекі, – сказаў Аляксандр Лукашэнка. – Я думаю, што ў нас зусім няшмат пытанняў. Два-тры пытанні, якія мы сёння абмяркуем з вамі. Ды і трэба паставіць кропкі над і ў гэтых пытаннях і рухацца далей у нашых адносінах».

«Учора і пазаўчора мы мелі магчымасць абмеркаваць пытанні глабальнага характару. Гарачыя кропкі на нашай планеце. Што мяне парадавала, вас, я ўпэўнены, таксама – што ў нас не было ніякіх разыходжанняў па міжнародным парадку дня. І ўнутраныя (пытанні. — Заўв.) абмяркоўвалі, і размова была шчырая», – адзначыў беларускі лідар.

«Вы шмат гаварылі пра азербайджанска-армянскае ўрэгуляванне. Усё гэта было нармальна, на маё здзіўленне, успрынята. Гэта сведчыць аб тым, што да гэтага ўжо была вялікая работа праведзена. Учора мы глабальныя пытанні, і рэгіянальнага характару, абмяркоўвалі. Таксама была аднадушнасць шмат у чым», – дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў, што ў складзе СНД – магутнейшыя і багацейшыя рэсурсы дзяржавы. «Таму гэта можа быць магутным і эфектыўным рэгіянальным аб'яднаннем, калі мы прыкладзём значныя намаганні», – упэўнены ён.

Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін у сваю чаргу сказаў: «Цяпер ёсць магчымасць пагаварыць аб развіцці нашых двухбаковых адносін, будаўніцтве Саюзнай дзяржавы. Мы часта з вамі сустракаемся, дынаміка значная. Гандлёва-эканамічныя сувязі развіваюцца самым найлепшым чынам, добрымі тэмпамі».

Паводле даных расійскага боку, тавараабарот паміж краінамі складае $46,5 млрд. Беларусь і Расія прадаўжаюць развіваць узаемадзеянне ў сельскай гаспадарцы, сферы прамысловай кааперацыі, у тым ліку ў мікраэлектроніцы.

«І цяпер адкрываюцца магчымасці (мы таксама з вамі пра гэта гаварылі не раз) у сферы авіяцыйнага будаўніцтва, – расказаў Уладзімір Пуцін. – Яшчэ з савецкіх часоў Беларусь называлі зборачным цэхам Савецкага Саюза. Дзякуючы вашым намаганням гэтыя перавагі ў галіне эканомікі, прамысловай вытворчасці ў Беларусі захаваліся. Таму ў нас ёсць магчымасць дапаўняць адзін аднаго і рухацца па ўсіх гэтых і некаторых іншых напрамках».

На ўрачыстай цырымоніі ў Крамлі Прэзідэнт Беларусі быў узнагароджаны вышэйшай дзяржаўнай узнагародай Расійскай Федэрацыі – ордэнам Святога апостала Андрэя Першазванага.

Ордэн беларускаму лідару ўручыў Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін.

Кіраўнік беларускай дзяржавы ўзнагароджаны ордэнам за выдатныя заслугі ў развіцці адносін саюзніцтва і стратэгічнага партнёрства паміж Расійскай Федэрацыяй і Рэспублікай Беларусь, умацаванне дружалюбных сувязей паміж расійскім і беларускім народамі, а таксама за вялікі асабісты ўклад у стварэнне і эфектыўную дзейнасць Саюзнай дзяржавы.

«Вы, паважаны Аляксандр Рыгоравіч, вядома ж, дастойны гэтай вышэйшай узнагароды. Узнагароджанне Вас ордэнам Андрэя Першазванага адлюстроўвае ўдзячнасць Расіі за Ваш значны ўклад у развіццё расійска-беларускіх адносін саюзніцтва і стратэгічнага партнёрства», – падкрэсліў расійскі лідар.

«Дзякую вам за гэту высокую ўзнагароду. Разглядаю яе як прызнанне заслуг усяго беларускага народа, які паслядоўна ўмацоўвае адзінства з нашай брацкай Расіяй. Для нашай краіны Расія заўсёды была і будзе больш, чым суседняя дзяржава», – заявіў Аляксандр Лукашэнка.

«Паспяхова развіваецца наша ўнікальнае інтэграцыйнае аб'яднанне, якое мы будуем, — Саюзная дзяржава. Сёння мы разам вядзём барацьбу за справядлівы свет. І саюз Беларусі і Расіі стаіць у авангардзе гэтай жорсткай і вельмі сур'ёзнай барацьбы. Альтэрнатывы такому курсу ва ўмовах абвостранай міжнароднай абстаноўкі няма. Пры гэтым Саюзная дзяржава цалкам можа быць узорам новых раўнапраўных адносін», – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

 

Версія для друку

Дыпмісіі Беларусі за мяжой

Усе дыпмісіі Сайт МЗС
Перайсці