Аб удзеле Прэзідэнта Беларусі А.Лукашэнкi ва ўрачыстасцях з нагоды Дня Перамогі ў Маскве
09.05.2025 г.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 9 мая ў Маскве прыняў удзел ва ўрачыстасцях з нагоды Дня Перамогі.
Кіраўнік беларускай дзяржавы на Краснай плошчы прысутнічаў на парадзе ў гонар 80-й гадавіны Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. На цэнтральнай трыбуне побач з ветэранамі размяшчаліся Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін і замежныя лідары. Кіраўнікі дзяржаў разам прыбылі на Красную плошчу. Да гэтага расійскі лідар асабіста прывітаў кожнага.
Парадным разлікам па маскоўскай брусчатцы прайшлі прадстаўнікі ўзброеных фарміраванняў краін СНД і армій з іншых дружалюбных дзяржаў. Аляксандр Лукашэнка стоячы вітаў беларускіх ваеннаслужачых.
Пасля завяршэння парада Прэзідэнт Беларусі разам з Прэзідэнтам Расіі і іншымі замежнымі лідарамі ўсклаў вянок і кветкі да Магілы Невядомага Салдата ля сцен маскоўскага Крамля. У час цырымоніі кіраўнікі дэлегацый ушанавалі памяць загінулых мінутай маўчання.
Гасцямі ўрачыстых мерапрыемстваў у расійскай сталіцы сталі больш за 20 кіраўнікоў дзяржаў. Сярод іх лідары краін СНД, а таксама Кітая, Бразіліі, Славакіі, Сербіі, В'етнама, Манголіі, Зімбабвэ, Кеніі, М'янмы, Экватарыяльнай Гвінеі і іншых краін.
Пасля ўдзелу ў святочных мерапрыемствах Аляксандр Лукашэнка ў расійскай сталіцы адказаў на пытанні журналістаў.
У першую чаргу Прэзідэнт Беларусі падзяліўся ўражаннямі аб праведзеным у Маскве парадзе Перамогі. «Самы лепшы парад, які вы праводзілі ў Расійскай Федэрацыі. У савецкіх парадах я ўдзелу не прымаў — зялёным быў. А ўсе расійскія парады я бачыў. І магу сказаць, што гэта самы моцны парад», — сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы.
«Некаторыя ахкалі, вохкалі, што, можа, тэхнікі не хапала, асабліва паветраны эшалон. Вы ж разумееце — час ваенны. Таму не да таго, каб браць з фронту тэхніку і тут паказваць. Паказалі новыя ўзоры. Малайцы. Мы гэта ведаем. Мы закупілі такую тэхніку ў Расійскай Федэрацыі. Таму мяне цалкам задаволіла тое, што я бачыў», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
«Цяпер паспрабуем гэта прадоўжыць у Мінску. У 20.30 у нас свой парад беларускі. Мы спецыяльна яго на вечар аднеслі. Таму што трэба было пабываць у Маскве», — дадаў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка таксама адказаў на пытанне журналіста амерыканскага тэлеканала NBC, ці павінен зараз Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін згадзіцца на перамір'е з Украінай.
«Прэзідэнт Пуцін наогул нікому нічога не павінен. Каб вы разумелі. Гэта першае. Што датычыцца перамір'я, я магу сказаць яго словамі. Мы з ім аб гэтым гаварылі апошні раз у Валгаградзе. Яны гатовы да гэтага. Расія даўно гатова да таго, каб не проста перамір'е, а каб мір заключыць», — сказаў Прэзідэнт Беларусі.
«Пытанне не ў Расіі. Таму трэба разбірацца з іншага боку, наколькі я ведаю. Як толькі амерыканцы з украінцамі вырашаць, што патрэбны мір, еўрапейцы стануць у строй і мір настане», — упэўнены беларускі лідар.
Кіраўніка дзяржавы спыталі, ці ёсць сімвалізм прысутнасці на парадзе ў Маскве Старшыні КНР Сі Цзіньпіна.
«У нас сапраўды адзінае меркаванне, адзіны парадак дня міжнародны. А тое, што Старшыня Сі Цзіньпін прыехаў на гэты парад, вы правільна бачыце. У гэтым не толькі сімвалізм. Гэта вельмі важна для будучага свету. Гэта сведчыць аб тым, што Кітай і Расія будуць развівацца і далей і ўмацоўваць свой саюз», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, у ЗША лічаць такі саюз небяспечным, бо яго немагчыма зламаць.
«І прыезд Сі Цзіньпіна ў Маскву сведчыць аб тым, што пры ўсёй акуратнасці, асцярожнасці ў палітыцы Кітай адназначна будзе з Расіяй. Да гэтага трэба прывыкаць», — падкрэсліў беларускі лідар.
Адказваючы на пытанне журналіста тэлеканала НТБ, чаму важна захоўваць памяць аб Вялікай Айчыннай вайне, Прэзідэнт сказаў: «Нам тут падказваюць з-за мяжы, што ну хопіць (успамінаць пра Перамогу і падзеі ваенных гадоў. — Заўвага), ну не трэба і іншае. Я аб гэтым гаварыў, што як толькі мы перастанем, гэта вернецца да нас зноў. Чаму з-за мяжы падказваюць: „Хопіць, хопіць”? Каб выбіць з нашых галоў і сэрцаў тую Перамогу, якая з'яўляецца прыкладам для нас цяпер».
У гэтым плане Аляксандр Лукашэнка згадаў аб спецыяльнай ваеннай аперацыі Расіі ва Украіне. «Ці то яшчэ будзе. Яны (апаненты. — Заўвага) рыхтуюцца да вайны. Яны гэтага не ўтойваюць. Ну а тое, што ў нас у сэрцы і галаве той подзвіг, ім гэта дрэнна. Таму што мы будзем абараняць сваю зямлю так, як яны (нашы продкі ў вайну. — Заўвага). Таму яны супраць, але мы трымаемся гэтых пазіцый. Гэта актуальна асабліва цяпер. Таму што яны рыхтуюцца да вайны», — падкрэсліў беларускі лідар.
У інтэрв'ю кітайскаму тэлеканалу CGTN Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь гатова будаваць сваю палітыку ў напрамку далейшага развіцця супрацоўніцтва з Кітаем.
«Усё залежыць ад КНР. Калі і далей мы будзем будаваць нашы адносіны, як на сённяшні дзень, у нас добрыя перспектывы. Вы сёння зразумелі, што мы вам вельмі патрэбны. У сувязі з тым, што абвастрэнне па ўсіх флангах і адзінае акно ў Еўропу і далей можа быць для КНР тут, у еўрапейскай частцы, — гэта Беларусь. Мы вельмі ўдзячныя вам за эканоміку. Вы вельмі шмат перадалі нам тэхналогій, якіх мы не мелі, фінансавую падтрымку (аказалі. — Заўвага). Мы стараемся рэагаваць адпаведным чынам і не падвесці нашых кітайскіх сяброў. Словам, мы гатовы будаваць нашу палітыку ў напрамку быць разам», — сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Вяртаючыся да тэмы святкавання 80-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў найвялікшае значэнне гэтага дня і подзвігу савецкага народа. Ён адзначыў, што ў гады Другой сусветнай вайны Кітай, толькі паводле афіцыйных падлікаў, страціў каля 35 млн чалавек у барацьбе з японскім мілітарызмам.
«Таму мы былі з вамі разам і Другую сусветную вайну заканчвалі разам там у вас, на Далёкім Усходзе. Таму для нас, для будучыні гэты саюз КНР і ўсёй постсавецкай прасторы (важны. — Заўвага). А няма той краіны, якая неяк дрэнна ці насцярожана ставілася б да Кітая — на постсавецкай прасторы такой незалежнай краіны няма. Мы былі тады з вамі, мы і цяпер», — сказаў Прэзідэнт Беларусі.
Ён адзначыў, што гэта якраз прадэманстраваў Старшыня КНР Сі Цзіньпін, прыехаўшы ў Маскву на святкаванне.
«Для нас гэта важна. Таму што яны (апаненты за мяжой. — Заўвага) рыхтуюцца да вайны. Той наш подзвіг — і наш, і ваш — у Другую сусветную вайну вельмі важны для цяперашняга пакалення. Мы павінны гэтак, як яны, абараніць сваю зямлю, сваю сям'ю, сваіх дзяцей, любімых», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт Беларусі ў Маскве таксама паразмаўляў з Прэм'ер-міністрам Славакіі Робертам Фіца. Размова двух лідараў адбылася «на нагах» пасля завяршэння ўрачыстых мерапрыемстваў. Роберт Фіца прыляцеў у Расію, нягледзячы на спробы Еўрапейскага саюза сарваць гэты візіт.
«Я скажу, што малайчына! Сказаў прыеду — прыехаў» — заявіў Аляксандр Лукашэнка.