:

Аб рабочым візіце Пасла Беларусі ў Расіі ў Новасібірскую вобласць

21.10.2026 г.

Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі Юрый Селіверстаў з рабочым візітам наведаў Новасібірскую вобласць.

На сустрэчы з намеснікам Губернатара рэгіёну Яўгенам Прахарэнкам абмеркавалі ключавыя пытанні насычанага парадку дня ўзаемадзеяння Беларусі з Новасібірскай вобласцю. Высока ацанілі супрацоўніцтва ў сферы культуры, патрыятычнага выхавання, маладзёжнай палітыкі. Намецілі напрамкі актывізацыі сумеснай работы ў навуцы, турызме, транспартнай сферы. Абмяняліся думкамі аб магчымасцях пашырэння паставак нашай тэхнікі і прадуктаў харчавання ў рэгіён. Пасол падзякаваў новасібірскім партнёрам за падтрымку ў арганізацыі правядзення ў горадзе канцэрта-рэквіема «Кожны трэці» ў пачатку снежня.

З Мэрам Новасібірска Максімам Кудраўцавым прадметна абмеркавалі развіццё пабрацімскіх сувязей, адзначылі станоўчыя вынікі абмену вопытам з Мінскам у арганізацыі гарадской гаспадаркі. Асаблівую ўвагу надалі супрацоўніцтву ў транспартнай сферы – мадэрнізацыі трамваяў на прадпрыемстве «БКМ Сібір», пастаўкам камунальнай тэхнікі, удзелу «Мінскметрапраекта» ў распрацоўцы планаў развіцця новасібірскага метро.


Таксама Юрый Селіверстаў наведаў Генеральнае консульства Беларусі ў Новасібірску, нядаўна пераўтворанае з Аддзялення Пасольства. З Генеральным консулам Ігарам Болатавым намецілі ключавыя задачы ва ўзаемадзеянні з Рэспублікай Алтай, Алтайскім краем, Кемераўскай вобласцю – Кузбасам, Новасібірскай, Омскай і Томскай абласцямі; абмеркавалі графік найбліжэйшых кантактаў з гэтымі расійскімі рэгіёнамі на розных узроўнях.


Далей Пасол Беларусі ў Расіі наведаў Сібірскую кальцавую крыніцу фатонаў (Пункт калектыўнага карыстання «СКІФ»).

СКІФ – гэта перадавы расійскі цэнтр «мегасайенс» з сінхратронам пакалення 4+, нядаўна пабудаваны ў навукаградзе Кальцова пад Новасібірскам. Ўстаноўка дазваляе вывучаць структуру рэчываў на мікра- і нанаўзроўні з дапамогай яркіх пучкоў рэнтгенаўскага выпраменьвання. У прыватнасці, забяспечвае даследаванне хімічных рэакцый і стварэнне новых каталізатараў, расшыфроўку структур бялкоў для распрацоўкі лекаў, аналіз паўправаднікоў, нанаматэрыялаў і сплаваў, неразбуральны аналіз выкапняў, кернаў парод і культурных каштоўнасцей.


Разам з вучонымі з НАН Беларусі, якія ўжо працуюць на СКІФ, разгледзелі перспектывы практычнага выкарыстання патэнцыялу ўстаноўкі ў сферах мікрабіялогіі, матэрыялазнаўства, а таксама для патрэб нашай прамысловасці. Абмяняліся думкамі па магчымых формах далейшага ўдзелу беларускага боку ў праекце.

Таксама ў рамках прамысловай праграмы візіту Пасол наведаў ТАА «Высокія Абароты» – новасібірскую вытворчую кампанію, якая спецыялізуецца на серыйным выпуску высакахуткасных матор-шпіндзеляў для станкоў з ЧПУ.


Абмеркавалі бягучую сітуацыю на рынку; рэалізацыю кааперацыйных і імпартазамяшчальных праектаў у станкабудаванні, у тым ліку пад эгідай Саюзнай дзяржавы; узаемадзеянне прадпрыемства з беларускімі партнёрамі (у прыватнасці – заводам «СтанкаГомель»).

Яшчэ адзін пункт праграмы рабочай паездкі ў Новасібірскую вобласць – наведванне мультыбрэндавых цэнтра «Беларускія машыны», які працуе ў рэгіёне на базе ТАА «Гандлёвы Дом «МТЗ-Сібір».

На пляцоўцы мультыбрэндавага цэнтра адкрыты прадстаўніцтвы «Гомсельмаш», «Амкадор», прадаецца тэхніка і камплектуючыя «Лідсельмаш», «Бабруйскаграмаш», Мінскага маторнага завода, «Мотавела», «Белшыны», БАТЭ, БЗТДіА, «Атлант» і іншых нашых вытворцаў (усяго – больш за 25).


Кампанія прадастаўляе прафесійныя паслугі па сэрвісным абслугоўванні, уключаючы гарантыйнае і постгарантыйнае; мае высокакваліфікаваныя сэрвісныя брыгады, у ходзе ўборачнай і пасяўной даступнымі кругласутачна. На складзе прадстаўлена больш за 7000 найменняў арыгінальных запасных частак.

У ходзе рабочай нарады прадметна разгледзелі актуальныя пытанні развіцця нашых мультыбрэндавых цэнтраў у Сібірскай і Далёкаўсходняй федэральных акругах у разрэзе прадпрыемстваў і рэгіёнаў. Асаблівую ўвагу ўдзялілі фарміраванню адзінай фінансавай і маркетынгавай стратэгіі работы МБЦ, доступу да праграм дзяржпадтрымкі ў расійскіх рэгіёнах, магчымасцям пашырэння наменклатуры і аб'ёмаў паставак, асаблівасцямі гандлю таварамі народнага спажывання.


Асобна разгледзелі перспектывы развіцця сумеснага прадпрыемства «БКМ Сібір», якое займаецца мадэрнізацыяй трамвайных калясак і ўстаноўкай сучасных кабін беларускай вытворчасці. Абмяняліся меркаваннямі адносна перспектыў працы на мясцовым рынку, пашырэнні прысутнасці ў іншых рэгіёнах Расіі.

 

Версія для друку

Дыпмісіі Беларусі за мяжой

Усе дыпмісіі Сайт МЗС
Перайсці