Аб уручэнні Паслом Беларусі Ю.Селіверставым копій даверчых лістоў намесніку Міністра замежных спраў Расіі
27.01.2026 г.7 студзеня 2026 г. Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі Юрый Селіверстаў уручыў копіі даверчых лістоў намесніку Міністра замежных спраў Расійскай Федэрацыі Міхаілу Галузіну.
Бакі высока ацанілі дасягнуты ўзровень беларуска-расійскага стратэгічнага партнёрства і поспехі саюзнага будаўніцтва. Адзначылі дынаміку і прадуктыўнасць дыялогу на ўсіх узроўнях, высокую планку якому задаюць кіраўнікі дзяржаў.
Падкрэслілі эфектыўнасць узаемадзеяння беларускага і расійскага знешнепалітычных ведамстваў, у тым ліку ў рамках візітаў міністраў, сумесных пасяджэнняў калегій і кансультацый паміж МЗС.
Дамовіліся працягнуць рэгулярныя кантакты па пытаннях распрацоўкі праграмы ўзгодненых дзеянняў у галіне знешняй палітыкі дзяржаў – удзельніц Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы на 2027–2030 гг., рэалізацыі Дагавора аб гарантыях бяспекі ў рамках Саюзнай дзяржавы. Асаблівую ўвагу надалі сумесным намаганням па прасоўванні Еўразійскай хартыі разнастайнасці і шматпалярнасці ў XXI стагоддзі.
Абмяняліся думкамі наконт развіцця інтэграцыйных працэсаў у СНД, ЕАЭС і АДКБ, дамовіліся пра далейшую каардынацыю дзейнасці ў гэтых структурах.
Разгледзелі графік найбліжэйшых кантактаў на найвышэйшым і высокім узроўні.
Таго ж дня Селіверстаў прыняў удзел у традыцыйнай сустрэчы Міністра замежных спраў Расіі Сяргея Лаўрова з пасламі дзяржаў – удзельніц СНД, акрэдытаванымі ў Расіі. На сустрэчы таксама прысутнічалі Генеральны сакратар СНД Сяргей Лебедзеў і кіраўнікі выканаўчых органаў іншых еўразійскіх структур.
