:

Аб выступленні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Лукашэнкі на пасяджэнні VII Усебеларускага народнага сходу

24.04.2024 г.

Усебеларускі народны сход 25 красавіка прадоўжыў сваю работу. Напярэдадні на пасяджэнні Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка быў выбраны на пасаду Старшыні VII УНС. Дэлегаты таксама выбралі Намесніка Старшыні, членаў Прэзідыума і прынялі рашэнні па шэрагу іншых арганізацыйных пытанняў.

У першы дзень работы УНС Аляксандр Лукашэнка выступіў з прамовай, у якой падрабязна расказаў аб ролі і месцы УНС у абноўленай палітычнай сістэме дзяржавы, сацыяльна–эканамічных дасягненнях Беларусі за гады суверэннага развіцця, а таксама аб становішчы ў свеце і вакол краіны.

На парадку дня пасяджэння – пытанні аб зацвярджэнні Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі і Ваеннай дактрыны. Гэта асноўныя дакументы, якія рэгламентуюць падыходы дзяржавы да забеспячэння ўласнай бяспекі ў розных сферах з улікам геапалітычных змяненняў у свеце, прымяненне ваеннай сілы ў рамках рэагавання на існуючыя выклікі і пагрозы.

Перш чым дэлегатам УНС было даложана аб тым, як вялася работа над дакументамі, якія прынцыпова новыя палажэнні ўнесены, Прэзідэнт Беларусі, Старшыня УНС Аляксандр Лукашэнка, як і абяцаў напярэдадні, падрабязна ахарактарызаваў ваенна–палітычную абстаноўку ва Усходнееўрапейскім рэгіёне.

«Я лічу, было б няправільным, калі б я, Прэзідэнт, не выказаў сваё меркаванне, не даў вам самую поўную інфармацыю па праблемах, якія разглядаюцца. Таму што ўся інфармацыя сур'ёзнага характару сцякаецца да Прэзідэнта», – растлумачыў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, матэрыялы, якія агучыў Кіраўнік дзяржавы, звычайна прынята заслухоўваць і абмяркоўваць выключна на ўзроўні Савета Бяспекі, у цішыні, на закрытых нарадах Прэзідэнта з сілавым блокам. «Але нам сёння трэба разгледзець і прыняць дакументы, якія вызначаюць стратэгію процідзеяння рызыкам і пагрозам на бліжэйшыя дзесяцігоддзі. Таму без лішняй лірыкі і эмоцый – факты на стол! Слухайце, рабіце вывады, думайце, прымайце рашэнне», – арыентаваў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў: аб тым, што ваенна-палітычная сітуацыя ў рэгіёне, ды і свеце ў цэлым ацэньваецца палітыкамі і экспертамі як крызісная з перадумовамі пераходу ў фазу глабальнага канфлікту, дэлегаты не раз чулі.

«Сёння пагаворым аб тым, якімі сіламі і сродкамі нагнятаюцца пагрозы нашай нацыянальнай бяспецы. Асноўную рэальную рызыку стварае гарачая кропка ў рэгіёне – вядома ж, Украіна. Вашынгтон робіць усё, каб уцягнуць у канфлікт нашу краіну. Запусціць механізм уцягвання астатніх дзяржаў, г.зн. аслабіць і Заходне-, і Усходнееўрапейскі рэгіёны», – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Характарызуючы абстаноўку на фронце, Кіраўнік дзяржавы нагадаў аб цяжкіх баях і гібелі людзей, дэфіцыце боепрыпасаў і ваеннаслужачых ва ўкраінскай арміі. У той жа час ён адзначыў удары беспілотнікамі па расійскай інфраструктуры, фінансавую і ваенную дапамогу з боку ЗША. «Не даць гэтыя грошы – упусціць магчымасць аслабіць нас і Расію, – сказаў Прэзідэнт. – Выдзяленне Злучанымі Штатамі Амерыкі $60 млрд на вайну – гэта найважнейшы фактар эскалацыі канфлікту ва Украіне. І вельмі небяспечна, што былі выдзелены ракеты далёкага дзеяння».

З іншага боку, дадаў Кіраўнік дзяржавы, расійскае войска аснашчана новай зброяй і мае вялікія рэзервы ў кожнай брыгадзе. Ваенныя Расіі рухаюцца наперад, праўда, гэты рух вельмі марудны, звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

«Утварыўся нейкі цугцванг – ні яны, украінцы, ні расіяне… Так, рух ёсць, але не той рух, якога хацелася б. Патавая сітуацыя. Што ў гэтай сітуацыі трэба было б зрабіць?» – задаўся пытаннем Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў Прэзідэнта, цяпер склалася самая зручная сітуацыя для мірных перагавораў. Пачаць можна было б са стамбульскіх дамоўленасцей, лічыць Кіраўнік дзяржавы. «Гэта не значыць, што ў выніку перагавораў будуць прыняты або пакладзены ў аснову мірнага дагавора гэтыя парафіраваныя бакамі пагадненні. Не. Але з іх можна пачынаць і рухацца наперад. Вядома, мірны дагавор не будзе копіяй гэтых пагадненняў. Мірны дагавор будзе іншы, але з гэтага можна пачынаць», – лічыць Кіраўнік дзяржавы.

«Усе ваенныя, кіраўнікі спецслужбаў Захаду, палітыкі і кіраўнікі дзяржаў ужо публічна гавораць аб тым, што нельга дапусціць перамогі Пуціна. Калі вы настойваеце, што нельга, то гэта момант для перагавораў. Згуляйце ўнічыю на гэтым этапе, – прапанаваў Аляксандр Лукашэнка. –  Не трэба вылучаць радыкальных рашэнняў, як формула Валодзі Зяленскага. Нібы патрыятычна і гэтак далей, але яна не рэальная. Расіяне сёння не пойдуць ні з Крыма, ні з усходніх рэгіёнаў. Таму, калі выстаўляюцца непрымальныя да перагавораў прапановы, гэта значыць, што той бок, які іх выстаўляе, не гатовы ісці на перагаворы».

«Я ведаю настрой украінскіх ваенных: ім ужо гэта вайна надакучыла. Але і не могуць прыняць самастойных дзеянняў, таму што за Прэзідэнтам Зяленскім, які хоча ваяваць да апошняга ўкраінца, стаяць цэлыя войскі НАТА і ўвесь заходнееўрапейскі блок і Злучаныя Штаты Амерыкі. Сітуацыя вельмі сур'ёзная. Але калі цяпер, на мой погляд, не пайсці на перагаворы, Украіна з цягам часу страціць і сваю дзяржаўнасць і можа спыніць сваё існаванне, – упэўнены беларускі лідар. – Ва Украіне сёння патрэбны мір. Сведчанне таго – уцёкі боль–менш здаровых, разважлівых украінцаў з краіны, каб не трапіць на фронт. Ніхто сёння не хоча ваяваць, таму трэба ісці да міру».

«Вобраз ворага ў асобе Масквы і Мінска амерыканцам удалося сфарміраваць. Вашынгтон паступальна актывізуе агрэсіўныя наратывы ў адрас беларускай і расійскай дзяржаў, павышаючы градус варожасці блока НАТА на нашым напрамку», – звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

Пашырэннем Паўночнаатлантычнага саюза, які прыняў у склад Фінляндыю і Швецыю, Вашынгтон і Брусель прадаўжаюць фарміраваць вакол Расіі пояс недружалюбных дзяржаў. «На чарзе ўступлення ў альянс іншыя краіны Еўропы. Мэта вядомая. Паводле задумы, на гэтай лініі ўсё павінна палаць, – сказаў Прэзідэнт. – А нам трэба разумець, што сітуацыя патрабуе вельмі жорсткага кантролю ва ўсіх сферах, пачынаючы з інфармацыйнай і заканчваючы ваеннай. Любое неасцярожнае слова, рух – можа пачацца адкрытае ўзброенае процістаянне, аж да прымянення ядзернай зброі. Для гэтага ўсё гатова».

Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што ЗША сталі пастаўляць Украіне дальнабойныя ракеты без усялякіх умоў. Раней амерыканцы хаця б папярэджвалі, што гэтым узбраеннем нельга наносіць удары па тэрыторыі Расіі. «І, калі сітуацыя складзецца пагражальная для ўнутранай сітуацыі ў Расіі, Расія прыменіць увесь арсенал, якім яна валодае. Гэта будзе апакаліпсіс», – заявіў ён.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што НАТА з падачы Злучаных Штатаў настойліва дэкларуе неабходнасць інтэнсіўнай мілітарызацыі Еўропы. І размова не ідзе пра абарону ці адбіццё нейкай агрэсіі. «Каб вы разумелі: робіцца акцэнт на нарошчванні менавіта ўдарна–наступальнага патэнцыялу», – падкрэсліў беларускі лідар.

«У народа заўсёды пытанне: чаго хочуць гэтыя западэнцы і амерыканцы? Яшчэ раз паўтараю: яны проста хочуць Расію ў вайне, адарваць яе ад намечанага саюза з Кітаем. Гэтага саюза няма, але ён намячаецца. Абставіны склаліся так, што і Расіі, і Кітаю трэба быць разам. Амерыканцы гэта зразумелі – ім трэба забіць клін. Таму $60 млрд (амерыканскай дапамогі для Украіны. – Заўвага) для іх – гэта не грошы: ваюйце, забівайце адзін аднаго», – адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Пры гэтым трэба ўлічваць яшчэ адзін момант, дадаў Прэзідэнт: «Для амерыканцаў Кітай і Расія – гэта яшчэ не ўсе праціўнікі і ворагі. Для самой Амерыкі (мы гэта адчулі ў часы Трампа) вельмі сур'ёзным сапернікам з'яўляецца сама Еўропа, Еўрапейскі саюз. Асабліва з таго часу, калі ў альтэрнатыву долару Еўропа асмелілася і ўвяла еўра. Гэта моцная валюта. Амерыканцам ніякія праціўнікі і канкурэнты не патрэбны».

Менавіта таму, паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, ЗША спрабуюць «нагрузіць» Еўрапейскі саюз вайной ва Украіне: на мілітарызацыю трацяцца вялізныя грошы, а грамадзяне краін ЕС адпраўляюцца на фронт і гінуць там.

«Амерыканцы хочуць забіць некалькі зайцаў адразу: аслабіць Расію, перагрузіўшы Еўропу, аслабіць яе ў тым ліку. А там, у Ціхім акіяне, разбірацца сам–насам з Кітаем, уцягваючы ў гэту бойку перш за ўсё Індыю (Англія ўжо там), Аўстралію, дай бог Украіну і Паўднёвую Карэю», – дадаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што 18 дзяржаў НАТА, у тым ліку Польшча і краіны Балтыі, у бягучым годзе маюць намер давесці аб'ёмы ваенных асігнаванняў да ўзроўню вышэй за 2% ВУП. Кіраўніцтва Польшчы прапануе павялічыць аб'ём выдзяляемых сродкаў на ўзбраенне да 3%, а ў некаторых больш за 3% ужо сёння. «Сукупны аб'ём абаронных расходаў краін НАТА ў бягучым годзе ўпершыню ў гісторыі блока складзе каля 1,2 трыльёна еўра», – падкрэсліў Прэзідэнт.

Акрамя таго, Брусель прыняў рашэнне павялічыць колькасць сіл неадкладнага рэагавання да 300 тыс. чалавек (на гэты час – 80 тыс.), пераўтварыць місію НАТА па ахове паветранай прасторы краін Балтыі ў ваенную аперацыю, а таксама рэарганізаваць разгорнутыя ў Польшчы і прыбалтыйскіх дзяржавах баявыя групы ў фарміраванні брыгаднага ўзроўню. «Яны нас увесь час папракалі ў тым, што мы размясцілі ядзерную зброю на тэрыторыі Беларусі: «Значыць, мы будзем падвергнуты першаму ўдару, калі адбудзецца сутыкненне». А самі Польшча і Прыбалтыка наогул аддалі свае тэрыторыі для таго, каб іх цалкам мілітарызаваць і стварыць там апорныя пункты для атакі на ўсходзе», – адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

«У гэтым кантэксце варта адзначыць пачатак практычнай рэалізацыі германа–літоўскага пагаднення, якое прадугледжвае ўзмацненне нямецкай ваеннай прысутнасці ў Літве. 8 красавіка ў Вільнюс перадыслацыравана аператыўная група Узброеных Сіл ФРГ. У яе задачы ўваходзяць вывучэнне месцаў размяшчэння кантынгенту, вырашэнне пытанняў падрыхтоўкі да фарміравання штаба брыгады, што плануецца завяршыць да канца года. Рэкагнасцыроўка, кіраўніцтва і напаўненне», – расказаў Кіраўнік дзяржавы.

Ён нагадаў, што на тэрыторыі Літвы да 2028 года будзе разгорнута фарміраванне брыгаднага ўзроўню Узброеных Сіл ФРГ, а таксама сілы і сродкі Аб'яднаных Узброеных Сіл НАТА, размешчаныя цяпер на літоўскай тэрыторыі ў населеным пункце Рукла ў рамках аперацыі «Узмоцненая перадавая прысутнасць». Колькасць злучэння складзе амаль 5 тыс. чалавек.

«Паўтару, звыш 64 тыс. ваенных Узброеных Сіл ЗША (амаль беларуская армія), а таксама больш за 33 тыс. натаўскіх салдат на пастаяннай аснове дыслацыруюцца ў Еўропе. Што яны тут робяць? Якую Амерыку яны абараняюць тут? Да 20 тыс. з іх сканцэнтраваны ў Польшчы (блізка да нашых граніц) і ў краінах Балтыі. Гэтыя групоўкі войскаў аснашчаны сучасным ударным узбраеннем і здольны наносіць высокадакладныя ўдары па аб'ектах на тэрыторыі Беларусі і заходніх рэгіёнаў (Расіі. – Заўвага). Цяпер вядзецца адпрацоўка адпаведных задач. Задзейнічаюцца самалёты стратэгічнай бамбардзіровачнай авіяцыі ВПС ЗША, якія на рэгулярнай аснове ажыццяўляюць палёты ў Еўрапейскім кантынентальным раёне (напрыклад, у Іспаніі дыслацыруюцца 4 амерыканскія стратэгічныя бамбардзіроўшчыкі В-1В) з адпрацоўкай прыёмаў бомбакідання ядзерных зарадаў, у тым ліку па тэрыторыі нашай краіны. Трэніруюцца прымяняць ядзерную зброю», – звярнуў увагу беларускі лідар.

«Гэта адказ тым, якія выюць за мяжой, асабліва збеглыя, крытыкуючы нас за тое, што мы размясцілі тут сваю ядзерную зброю», – падкрэсліў Прэзідэнт.

«Вашынгтон актывізаваў, прытым істотна, мерапрыемствы па праверцы гатоўнасці да прымянення кампанентаў ядзернай трыяды Злучаных Штатаў. Размешчаная на тэрыторыі дзяржаў – членаў НАТА тактычная ядзерная зброя мадэрнізуецца паскоранымі тэмпамі», – адзначыў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы спыніўся на лічбах. Паводле яго слоў, на авіябазах Еўропы размешчана больш за 200 боепрыпасаў – ракеты і бомбы. На авіябазе Кляйне-Брогель (Бельгія) – 20 боепрыпасаў, Бюхель (ФРГ) – 20, Авіяна (Італія) – 60, Гедзі (Італія) – 30, Інджырлік (Турцыя) – 50, Волкел (Нідэрланды) – 20 адзінак.

«Мы іх палічылі да адзінкі», – заявіў Аляксандр Лукашэнка.

«У мінулым годзе авіяцыйныя ядзерныя бомбы, размешчаныя на авіябазе Волкел у Нідэрландах, заменены на самыя сучасныя, больш магутныя боепрыпасы. Цяпер у планах ажыццявіць мадэрнізацыю тактычнай ядзернай зброі ў іншых краінах. У перспектыве не выключана размяшчэнне тактычных ядзерных боепрыпасаў на брытанскай тэрыторыі. У другой палавіне года Белы дом плануе перакінуць на перадавую авіябазу Лейкенхіт у Вялікабрытаніі мнагамэтавыя знішчальнікі F–35, здольныя несці тактычную ядзерную зброю. Калі не хочуць эскалацыі і супраць прымянення ядзернай зброі, навошта гэта ўсё робяць?» – адзначыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што Вашынгтон прадаўжае нарошчваць ударна–наступальныя магчымасці ў Еўропе. Так, у снежні 2023 года на польскай тэрыторыі ўведзены ў эксплуатацыю базы проціракетнай абароны ЗША.

«Магчымасць прымяняць размешчаныя на ёй крылатыя ракеты «Тамахок», здольныя паражаць цэлі на ўсю глыбіню тэрыторыі Беларусі і еўрапейскай часткі Расійскай Федэрацыі да Урала, расцэньваем ужо як рэальную пагрозу нам. Калі гэта рэальная пагроза – трэба процістаяць, – падкрэсліў Прэзідэнт. – Мы фіксуем факты бесперапыннага вядзення паветранай і касмічнай разведкі на ўсходнім напрамку з боку заходніх дзяржаў. Задзейнічаны практычна ўвесь існуючы арсенал краін НАТА – ад самалётаў стратэгічнай разведвальнай авіяцыі да беспілотных лятальных апаратаў, а таксама адпаведныя магчымасці краін–партнёраў».

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што з мінулага года ў разы павялічылася інтэнсіўнасць разведвальнай авіяцыі НАТА. У сярэднім гэта 40-50 самалёта-вылетаў у тыдзень. З 2019 года для радыёлакацыйнага кантролю паветранай прасторы Беларусі і заходніх абласцей Расіі прыцягваюцца самалёты ВПС Аўстраліі. «Ім што тут трэба?» – задаў рытарычнае пытанне Прэзідэнт.

«Усё гэта адбываецца на фоне высокай ваеннай актыўнасці. З году ў год павялічваецца колькасць мерапрыемстваў аператыўнай і баявой падрыхтоўкі на тэрыторыі Польшчы і Прыбалтыйскіх дзяржаў. Пры гэтым у большасці названых вучэнняў таксама прымаюць удзел воінскія фарміраванні Узброеных сіл Штатаў і іншых заходніх краін», – канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

А праводзімая ў Еўрапейскім рэгіёне ў гэты момант серыя вучэнняў НАТА і ЗША «Абаронца–2024» стала беспрэцэдэнтнай па сваім геаграфічным размаху і колькасці прыцягваемых сіл і сродкаў: каля 90 тыс. чалавек, да 15 тыс. адзінак тэхнікі, каля 300 самалётаў, больш за 70 караблёў.

«Мэты мерапрыемстваў і характар адпрацоўваемых задач, якія запланаваны да канца мая, сведчаць аб тым, што Захад разглядае наш рэгіён у якасці патэнцыяльнага тэатра ваенных дзеянняў. Праціўнік вызначаны: Расія і Беларусь», – заявіў Кіраўнік дзяржавы.

«Мы бачым, як па той бок нашай заходняй граніцы ўдарнымі тэмпамі ўдасканальваюцца аэрадромы, ваенна–марскія базы, палігоны, ствараюцца перадавыя базы для размяшчэння і захоўвання тэхнікі, узбраення і матэрыяльных сродкаў. На гэты час на тэрыторыі Польшчы і краін Балтыі завершана мадэрнізацыя пяці аэрадромаў, дзвюх ваенна–марскіх баз, а таксама шасці буйных палігонаў», – адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Акрамя таго, у Польшчы ўведзены ў эксплуатацыю комплекс тылавога і тэхнічнага забеспячэння, г.зн. створаны ўмовы для аснашчэння ўзбраеннем і матэрыяльнымі сродкамі бранятанкавай баявой брыгаднай групы Сухапутных войскаў ЗША. Так, населены пункт Повідз забяспечвае захоўванне амаль 3 тыс. адзінак баявой тэхнікі.

«Што датычыцца баявых падраздзяленняў Узброеных сіл Польшчы на граніцы з Беларуссю: пад маркай ўзмацнення аховы ваенныя вырашаюць разведвальна-дыверсійныя задачы. Ну і Польшча мае намер стварыць «самыя магутныя сухапутныя войскі ў Еўропе». Зразумела, з дапамогай ваенна–тэхнічнай падтрымкі Злучаных Штатаў, – сказаў Прэзідэнт. – Варшава паступальна нарошчвае колькасць Узброеных сіл: да 2035 года плануецца павялічыць іх да 300 тыс. чалавек (цяпер у іх крыху больш за 190 тыс.). Таксама не магу ўтрымацца ад каментарыя. У гэтай беднай Польшчы і так ужо няма каму працаваць, грамадзянскіх праблем хапае. Аб якіх бітвах думаюць? Хто іх будзе забяспечваць? Для вайны ж патрэбна магутная эканоміка, а яны сядзяць на датацыях Еўрасаюза і дапамозе Злучаных Штатаў Амерыкі».

У структуры сухапутных войскаў Польшчы фарміруецца армейскі корпус, аператыўная гатоўнасць якога будзе дасягнута ўжо да верасня гэтага года. «Для неваенных людзей растлумачу, што значыць аператыўная гатоўнасць. Гэта значыць – хоць заўтра ў бой, як на фронце. Поўная баявая гатоўнасць, поўнасцю разгорнуты, – падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. – Прыкладна як мы з Віцебска перакінулі пару батальёнаў і стаім цяпер лоб у лоб з НАТА. Батальёны поўнай аператыўнай гатоўнасці. З гатоўнасцю выхаду з месцаў дыслакацыі на працягу трох гадзін».

На ўзбраенне новых механізаваных злучэнняў польскай арміі паступаюць сучасныя ўзоры ваеннай тэхнікі. Польшча завяршае працэс фарміравання войскаў тэрытарыяльнай абароны. Камандаванне гэтых Узброеных сіл рапартуе аб дасягненні поўнай аператыўнай гатоўнасці. На гэты час створаны 15 з 18 брыгад і вучэбны цэнтр войскаў тэрытарыяльнай абароны. Мерапрыемствы па фарміраванні трох астатніх злучэнняў плануецца завяршыць ужо ў гэтым годзе.

«Перааснашчаючы Узброеныя сілы, Польшча робіць акцэнт на закупцы сучасных баявых самалётаў, беспілотных лятальных апаратаў, бранятэхнікі, рэактыўных сістэм залпавага агню і зенітных ракетных комплексаў як замежнай, так і нацыянальнай вытворчасці. Акрамя таго, польскае кіраўніцтва мае намер заключыць кантракты на пастаўку амерыканскіх ударных верталётаў АН-64, так званыя «Апач» (аж 96 адзінак), – расказаў Аляксандр Лукашэнка. – Навошта ім гэта патрэбна наогул? Мы не збіраемся з імі ваяваць. З тэрыторыі Беларусі яны не павінны чакаць ніякіх актыўных, агрэсіўных дзеянняў супраць польскай дзяржавы і народа. Нам гэта не трэба».

Агульны аб'ём фінансавання праграм тэхнічнай мадэрнізацыі польскай арміі да 2035 года прадугледжаны ў памеры $133 млрд долараў. «Ці ведаюць палякі, што з кожнага члена сям'і, у тым ліку дзяцей, утрымаюць да $4 тыс.?» – заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

У сваю чаргу краіны Балтыі для ўмацавання ваеннага патэнцыялу асноўныя намаганні накіроўваюць на ўдасканаленне ваеннай інфраструктуры, павелічэнне ваенных расходаў, нарошчванне баявога і колькаснага складу нацыянальных узброеных сіл, адначасова пераўзбройваючыся на сучасныя ўзоры ваеннай тэхнікі. «У прыватнасці, у перспектыве на ўзбраенні ўсіх прыбалтыйскіх дзяржаў будуць знаходзіцца амерыканскія РСЗА «Хаймарс», – сказаў Прэзідэнт.

Асобнай увагі заслугоўвае рашэнне літоўскага кіраўніцтва стварыць у структуры Узброеных сіл фарміраванне дывізіённага ўзроўню. Яго аснову складуць усе сухапутныя брыгады, а таксама будуць уключаны танкавыя (з пастаўкай на ўзбраенне нямецкіх танкаў «Леапард»), артылерыйскія (на ўзбраенні будуць знаходзіцца закупляемыя ў ЗША РСЗА «Хаймарс») і падраздзяленні забеспячэння. Гэтыя мерапрыемствы плануецца завяршыць да 2030 года.

«Відавочна, што тэрыторыя Польшчы і краін Балтыі мэтанакіравана ператвараецца ў ваенны плацдарм для яго магчымага задзейнічання блокам НАТА, г.зн. зроблена практычна ўсё, каб падрыхтаваць кіраўніцтва альянсу да рашэння прымяніць ваенную сілу, у тым ліку крайнюю ваенную сілу», – заявіў беларускі лідар.

Зыходзячы з узроўню ваеннай небяспекі ў рэгіёне, Кіраўнік дзяржавы звярнуў асаблівую ўвагу на ўзброены канфлікт ва Украіне. «Кааліцыя заходніх дзяржаў мэтанакіравана яго зацягвае, – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. – Ператварылі і саму Украіну ў наркамана, якога трымаюць на кароткім павадку абяцанняў новай дозы дадатковых узбраенняў, у тым ліку дальнабойных сродкаў паражэння, і фінансавых уліванняў».

Ён нагадаў, што ў пачатку красавіка бягучага года ў ходзе брусельскай сустрэчы міністраў замежных спраў краін НАТА было прапанавана стварыць так званую місію для Украіны з асобным бюджэтам каля $100 млрд на пяць гадоў. «Адчуваеце, як амерыканцы перакладаюць фінансавы цяжар на Еўропу?» – заўважыў Прэзідэнт. Узносы на гэтыя патрэбы прадугледжваецца падзяліць прапарцыянальна валавому ўнутранаму прадукту краін блока.

«Гэта і ёсць здзелка, пра якую ўчора гаварыў (напярэдадні на пасяджэнні УНС Прэзідэнт заяўляў, што ўлада Украіны апусцілася да здзелкі з Захадам, абменьваючы зброю на жыцці ўкраінцаў. – Заўвага). Інакш кажучы, гэта плата за здольнасць прадаўжаць процістаянне з Расійскай Федэрацыяй, за актыўную дыверсійна-тэрарыстычную дзейнасць як у сумежных з Украінай рэгіёнах Расіі, так і ў глыбіні расійскай тэрыторыі», – сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт, гаворачы пра сітуацыю на паўднёвых рубяжах Беларусі, ахарактарызаваў яе як вельмі напружаную: «У непасрэднай блізкасці ад беларускай граніцы сканцэнтравана значная групоўка ўкраінскай арміі – каля 120 тыс. чалавек (тэрытарыялы і ваенныя), у прыгранічных абласцях выкананы комплекс мерапрыемстваў па фарміраванні сістэмы абарончых рубяжоў, раёнаў і пазіцый, якія пастаянна ўдасканальваюцца».

Граніца з Беларуссю з боку Украіны поўнасцю замініравана. Назіраецца кругласутачная разведка ўсіх відаў, накіраваная супраць нашай краіны. Фіксуюцца сістэматычныя правакацыйныя і дэманстратыўныя дзеянні ваеннаслужачых Украіны ў адносінах да супрацоўнікоў беларускіх сілавых ведамстваў, якія знаходзяцца ў прыграніччы, у тым ліку з парушэннем дзяржграніцы.

«Верагоднасць узнікнення з боку ўкраінскіх падраздзяленняў узброеных правакацый, здольных перарасці ў прыгранічныя інцыдэнты, даволі вялікая. І гэтага вельмі чакаюць нашы хістальнікі рэжыму. На фоне размоў аб магчымым зняцці забароны на прымяненне смяротнай кары ў Расіі (яны ўзніклі пасля апошняга тэракта ў Расіі) нашы збеглыя выступілі з новым заклікам. Нашы ціхушкі–лахушкі заклікалі знішчыць Беларусь – ні многа ні мала. Цытата: «Беларусь застаецца апошняй краінай Еўропы, дзе прымяняецца смяротная кара. Яе неабходна знішчыць…» – расказаў Кіраўнік дзяржавы.

«Дзеля змены ўлады ў Беларусі яны, сапраўды, гатовы на ўсё, – прадоўжыў Прэзідэнт. – Цяпер карэкціруюць асноўныя напрамкі сілавога сцэнарыя адпаведных дзеянняў. Удасканальваюць так званы план «Перамога 2.0». Акцэнт у ім робіцца на арганізацыі «нацыянальна-вызваленчага руху» на тэрыторыі Беларусі».

Гэтых так званых падпольшчыкаў у нашай краіне выяўляюць, расказваюць аб гэтым публічна. Кіраўнік дзяржавы расказаў, што адсочваецца таксама, як па той бок граніцы амерыканцы рыхтуюць «беларускую вызваленчую армію», аснову якой павінны скласці полк Каліноўскага і іншыя добраахвотніцкія фарміраванні: рускі добраахвотніцкі корпус і беларускі добраахвотніцкі корпус. «Ненавідзяць Расію, а карпусы сфарміравалі і ўзаемадзейнічаюць», – заўважыў Прэзідэнт. 

У якасці прыкладу такога ўзаемадзеяння ён прывёў нядаўні рэйд у Белгарад: «У аснове быў расійскі добраахвотніцкі корпус і беларускі добраахвотніцкі корпус. Пасля нанясення артылерыйскага і ракетнага ўдару па гэтых сілах (а іх, паводле асобных даных, было каля 3 тыс.) і нашым дасталося, і гэтаму расійскаму добраахвотніцкаму корпусу. Загінула нямала людзей».

Вярбоўка радыкальна настроеных беларускіх грамадзян у адпаведныя падраздзяленні прадаўжаецца і цяпер. Вядзецца іх абучэнне ў Польшчы, краінах Балтыі, іншых еўрапейскіх дзяржавах.

«Кропкі дыслакацыі ведаем да міліметра. І колькасць», – заўважыў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, атрыманыя навыкі гэтыя завербаваныя байцы адпрацоўваюць у тым ліку шляхам удзелу ў баявых дзеяннях на тэрыторыі Украіны. «Яны не хацелі б, вядома, ваяваць. Хацелі б вучыцца ў лагерах, але ўкраінцы таксама не дурні: «хочаце вопыт атрымаць – на фронт, не пойдзеце на фронт – карміць не будзем». Вось і ваююць», – сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы, гаворачы аб тым, чым займаюцца за мяжой беларускія збеглыя, згадаў пра іх «выбары» ў «Каардынацыйны савет», нейкі аналаг парламента ў выгнанні: «Нават дайшлі да «каліноўцаў». Там ужо наогул адбыўся злом. Яны там сысціся не могуць, асабліва ў пытаннях палітыкі. Не ведаюць, каго вылучаць. Аднаго вылучаюць сёння вечарам, заўтра раніцай здымаюць з пасады, выдвараюць з так званага палка, выбіраюць новага».

«Грызня і бойка. І яны хочуць нам арганізаваць тут «нацыянальна–вызваленчы рух», – адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

«Гэтыя, хто трэніруецца ва Украіне, вядома, не ідэйныя змагары. Наёмнікі і здраднікі. Бандыты. Размова з імі не будзе доўгай», – падкрэсліў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы дэталёва ахарактарызаваў ваенна–палітычную абстаноўку, якая складваецца ў рэгіёне ў цэлым і непасрэдна каля беларускіх граніц. Сітуацыя няпростая, і ў такіх абставінах трэба ўдзяляць асаблівую ўвагу маладому пакаленню, перакананы Аляксандр Лукашэнка. 

«Мы ўсе, у першую чаргу бацькі, на чыіх дзяцей заходнія спецслужбы сёння глядзяць як на вярбовачны матэрыял, павінны быць больш уважлівымі да моладзі», – падкрэсліў ён.

У цяперашніх рэаліях сістэма забеспячэння нацыянальнай бяспекі Беларусі аб'ектыўна не можа заставацца нязменнай, канстатаваў Прэзідэнт. «У ёй з'явіцца новая тэма: ядзернае стрымліванне. Тыя, хто падштурхнуў нас да яе, павінны аб гэтым ведаць і разважліва глядзець на адназначныя наступствы сваіх, мякка скажам, неасцярожных рашэнняў», – папярэдзіў Кіраўнік дзяржавы.

«Мы вывучылі ўрокі не толькі Украіны. Мы добра вывучылі і засвоілі ўрокі Вялікай Айчыннай вайны, асабліва пачатковага этапу, калі прыміралі тыя, хто на нас напаў, мы баяліся слова сказаць, каб іх не актывізаваць на граніцы. І што атрымалі? Пад Масквой (ворагі. – Заўвага) былі менш як за паўгода. Гэта для нас урок», – дадаў Прэзідэнт.

На парадку дня пасяджэння УНС было зацвярджэнне двух важнейшых дакументаў стратэгічнага планавання: абноўленых Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі і Ваеннай дактрыны Беларусі. Абодва дакументы зацверджаны дэлегатамі аднагалосна.

«У іх адлюстраваны ключавыя змяненні глабальнай ваенна–палітычнай абстаноўкі, нацыянальныя погляды на падтрыманне міжнароднага міру і стабільнасці, забеспячэнне ваеннай бяспекі нашай краіны і яе ўзброеную абарону. Замацаваны палажэнні аб грамадскай згодзе, непахіснасці ўстояў народаўладдзя і прававой дзяржавы», – абазначыў ключавыя пазіцыі Прэзідэнт. 

Над Канцэпцыяй нацыянальнай бяспекі, паводле яго слоў, працавалі ўсе, каму неабыякава будучыня краіны. «Зразумела, не ўсе механізмы абароны нацыянальных інтарэсаў, нацыянальнай бяспекі былі вынесены на абмеркаванне. Каб усведамляць сур'ёзнасць і важнасць канцэпцыі, вы павінны ведаць: у развіццё дакумента прымаецца прававы акт закрытага характару, які ўстанаўлівае сістэму індыкатараў для ўсіх сфер жыццядзейнасці (палітычная, эканамічная, ваенная і іншыя), – удакладніў Кіраўнік дзяржавы. – На аснове гэтых паказчыкаў з рознай перыядычнасцю праводзіцца ацэнка стану нацыянальнай бяспекі. Мы вывучаем, як ідуць справы ў той ці іншай сферы, робім адпаведныя высновы і даводзім да беларускага народа».

Прэзідэнт растлумачыў, што проста замацаваць у канцэпцыі, якая мае агульны характар, асобныя палажэнні было б недастаткова: «Трэба прасачыць, як мяняецца абстаноўка, як выконваюцца абазначаныя намі прыярытэты і якія неабходна прымаць меры рэагавання».

У выніку, як растлумачыў Аляксандр Лукашэнка, атрымліваецца комплексны зрэз развіцця дзяржавы на пэўным этапе. Па сутнасці, гэта два дакументы – канцэпцыя і яе непублічная частка – складаюць адно цэлае.

«Вырашаць складаныя задачы, выкладзеныя ў канцэпцыі і дактрыне, нам! Таму што, як мы гаварылі, «Час выбраў нас!» Я вас не запалохваю, як многія пачнуць гаварыць, але і ўтойваць ад вас інфармацыю мы не маем права. Абстаноўка сур'ёзная», – падкрэсліў, падводзячы вынікі свайго выступлення, беларускі лідар.

Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, Канцэпцыя нацыянальнай бяспекі была вынесена на публічнае абмеркаванне, каб народ ведаў, якія існуюць рызыкі, выклікі і пагрозы, якім неабходна разам процістаяць.

«Калі ўзнікла гэта пытанне, былі прапановы, як будзем абмяркоўваць. Мы ж на Савеце Бяспекі абмеркавалі ў закрытым рэжыме гэтыя праблемы. Нават шырэй. Спрэчкі былі, ці трэба нам усё гэта выносіць на публічнае абмеркаванне. Тады было прынята рашэнне: «А нам чаго баяцца? Галоўная задача – процістаяць, калі трэба будзе. А як процістаяць будзе народ, калі ён не ведае загадзя, чаму ён будзе процістаяць», – сказаў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы растлумачыў, што тым самым кіраўніцтва краіны, у тым ліку праз дэлегатаў УНС, давядзе гэтыя веды да народа. Аляксандр Лукашэнка параіў, каб дэлегаты, вярнуўшыся дадому, яшчэ раз перачыталі Канцэпцыю нацыянальнай бяспекі, Ваенную дактрыну, вынесеныя на зацвярджэнне УНС.

«Гэта сур'ёзныя пытанні. Усе павінны валодаць гэтымі праблемамі. Вам трэба будзе адказваць людзям. Таму мы нічога не ўтойваем, гаворым адкрыта. Мы стварылі вельмі сур'ёзны дакумент. Гэта было няпроста. Абмеркавалі асобныя палажэнні на дыялогавых пляцоўках. І сёння яшчэ раз больш адкрыта данеслі да вас – дэлегатаў. Слова за вамі», – сказаў Прэзідэнт.

На пасяджэнні былі заслуханы даклады Дзяржаўнага сакратара Савета Бяспекі Аляксандра Вальфовіча і Міністра абароны Віктара Хрэніна па прадстаўленых на разгляд дэлегатаў Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі і Ваеннай дактрыне. З дакладам аб існуючых пагрозах у сферы нацыянальнай бяспекі выступіў Старшыня КДБ Іван Тэртэль. Сваімі меркаваннямі і пазіцыяй па пытаннях парадку дня падзяліліся і іншыя ўдзельнікі Сходу, якія як выступалі самі, так і задавалі пытанні спікерам.

Па шэрагу актуальных пытанняў у ходзе праведзенай дыскусіі больш падрабязна выказаўся і Аляксандр Лукашэнка.

Гаворачы аб пытаннях забеспячэння ваеннай бяспекі, Прэзідэнт Беларусі згадаў аб вывадзе з краіны стратэгічнай ядзернай зброі ў першыя гады незалежнасці.

«Мне давялося падпісваць гэты дакумент. Але калі б мне давялося прымаць тады рашэнне, мы ніколі не вывелі б стратэгічную ядзерную зброю з тэрыторыі Беларусі. Гэта быў магутнейшы арсенал. Нам не трэба было б ніякай іншай сучаснай зброі. Але гэта было вырашана да мяне па запатрабаванні амерыканцаў», – сказаў Прэзідэнт.

Цяпер жа ў Беларусі па просьбе самога Кіраўніка дзяржавы размешчана ядзерная зброя з Расіі. Не стратэгічная, але тактычная. «Яна павінна быць на тэрыторыі Беларусі», – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, гэта ў тым ліку ўкладваецца ў канцэпцыю аб нанясенні праціўніку, у выпадку чаго, непапраўнага ўрону.

«Мы і да размяшчэння ядзернай зброі ў Беларусі арыентаваліся на тое, каб нанесці ім непапраўны ўрон. Каб яны разумелі, што мы можам ударыць так, што для іх гэта будзе непрымальна, – растлумачыў Кіраўнік дзяржавы. – Пытанне не ў тым, каб лоб у лоб стаяць і страляць адзін у аднаго. Мы цудоўна разумеем, што гэта будзе вельмі цяжка, амаль немагчыма. Таму ў нас у ранейшых ваенных дакументах быў прадугледжаны фактар нанясення непапраўнага ваеннага ўрону».

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што шэраг суседніх краін «узроены да зубоў», колькасць войскаў паблізу граніц Беларусі празмерная. Але Беларусь мае неабходны арсенал для стрымлівання, у ліку якога і ядзерныя ўзбраенні.

«Як іх стрымліваць? Ну, вось ядзерная зброя. Мы нікога не палохаем ядзернай зброяй. Мы ні на кога не нападаем. Але вось гэтыя пустыя размовы: «Ды што там… Пуцін паклаў іх (ядзернае ўзбраенне ў Беларусі. – Заўвага), і Лукашэнка будзе на іх глядзець і маліцца, калі пачнецца вайна супраць Беларусі…» Ды вы прачніцеся, вы ж мяне ведаеце добра. І там вельмі добра ведаюць, што не дай бог яны ступяць на тэрыторыю Беларусі, яны атрымаюць імгненны адказ ад нас усімі відамі зброі. У тым ліку ад Расійскай Федэрацыі. Вы чулі нядаўна заяву Прэзідэнта Пуціна, што нападзенне на Беларусь будзе расцэньвацца як нападзенне на Расійскую Федэрацыю. Таму мы сёння поўныя рашучасці 100% процістаяць любому агрэсару і нанесці яму непапраўны ўрон», – запэўніў беларускі лідар.

«Таму перш чым ствараць кааліцыі, накіроўваць да нашай граніцы ўзброеныя сілы, правакаваць нас, каб мы выводзілі нашы батальённыя тактычныя групы і стаялі лоб у лоб… Ну, у нас столькі людзей пакуль няма і сіл няма. Мабілізацыю праводзіць я не збіраюся. Яны павінны разумець, што іх сталіцы зусім побач з нашай граніцай. Таму законнай цэллю, як прынята гаварыць, будуць тыя, хто прымае гэта рашэнне».

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, як у першыя гады незалежнасці Беларусі, акрамя вываду ядзернай зброі, былі патрабаванні і па знішчэнні звычайных узбраенняў: «Рэзалі ўсё. Самалёты, танкі, артылерыйскія ўстаноўкі. Я памятаю: прыехаў у Барысаў – жудасная карціна – перавернутыя танкі, БМП. Для мяне, чалавека, які нядаўна ў афіцэрскай пасадзе служыў у арміі, гэта было не проста незразумела – гэта было жудасна. І тады, можа, не маючы паўнамоцтваў такіх, я спыніў гэту разню. Забараніў знішчаць браніраваную тэхніку. Рэзалі ўсё на кускі, грузілі ўсё ў чыгуначныя саставы і вывозілі ў Германію на пераплаўку. Самае каштоўнае, што магло быць, – гэта браня».

Што датычыцца ядзернай зброі, Прэзідэнт яшчэ раз падкрэсліў, што гэта менавіта па яго патрабаванні і просьбе Расія размясціла ў Беларусі адпаведны арсенал: «Многія гавораць: «Вось, Расія тут нешта размясціла, каб нас паставіць пад удар». Я ж да размяшчэння ядзернай зброі тут гаварыў, публічна заяўляў і звяртаўся да кіраўніцтва, Прэзідэнта Расіі аб вяртанні ядзернай зброі».

Размова ішла аб размяшчэнні менавіта тактычнай зброі. «Стратэгічную зброю, можа, і не трэба сюды вяртаць. Мы ж не будзем ваяваць з Амерыкай. Стратэгічная зброя – гэта міжкантынентальныя балістычныя ракеты, якія ў нас (у часы СССР. – Заўвага) былі размешчаны. Ну а пра тактычную зброю і размовы быць не можа – яна павінна быць на тэрыторыі Беларусі. А паколькі нас яшчэ і ў суагрэсары запісалі (мы з Пуціным «галоўныя ворагі ў свеце і агрэсары»), кіраўніцтва Расійскай Федэрацыі, супастаўляючы ўсе факты, прыняло рашэнне (яшчэ раз падкрэсліваю, па маім патрабаванні, а не таму, што яны хацелі тут стварыць базу ядзернай зброі), вярнула нам N–ю колькасць. Не буду называць лічбы, я ўжо гаварыў – некалькі дзясяткаў самых сучасных ядзерных боепрыпасаў», – расказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ім прынята рашэнне аб размяшчэнні ў Беларусі ракетных комплексаў «Іскандэр». «Мною прынята рашэнне аб размяшчэнні гэтай зброі, абслугоўванні і дзеяннях «Іскандэраў» на тэрыторыі Беларусі. Гэта вельмі небяспечная і вельмі моцная зброя. Яна сябе паказала ўжо ва Украіне са звычайнымі ракетамі. Супрацоўнікі Мінабароны і Генеральнага штаба добра ведаюць, што рабіць і ў якой сітуацыі», – сказаў беларускі лідар.

Дастаткова ў краіне і звычайнага ўзбраення, хоць Беларусь сама і не вырабляе многія яго віды, як самалёты, сістэмы ППА або танкі. «І расіяне як нашы самыя блізкія саюзнікі і зацікаўленыя ў стабільнасці ў нашай краіне людзі нам пастаўляюць па нашых саюзных дамоўленасцях. Сёння мы маем і ППА, і самалёты, і верталёты. Артылерыі, танкаў у нас дастаткова. Добра, што тады не парэзалі і не адвезлі ў Германію на пераплаўку», – адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

У дастатковай колькасці маецца і стралковая зброя – усё захоўваецца на складах у захаванасці і абслугоўваецца належным чынам. Гэтай нават зброі дастаткова, каб спыніць браніраваную тэхніку праціўніка, тым больш улічваючы асаблівасці лясіста–балоцістай мясцовасці Беларусі, адзначыў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы запэўніў, што ў Беларусі не хочуць вайны, і падкрэсліў, што ваенны цяжар прадугледжвае вялікія цяжкасці і нягоды: «Мы будзем першымі там – на лініі агню. Магчыма, вашывымі, нямытымі, галоднымі, паўгалоднымі сядзець у гэтых акопах. І наша жыццё (цяперашняе. – Заўвага) – добрае, камфортнае. Не горш жа ў Еўропе жывуць і Амерыцы. Навошта мы ваюем, навошта гэта патрэбна? Трэба мірна жыць, развівацца, асабліва з такім суседам, як Беларусь».

«Мы не хочам ні з кім ваяваць. І я ўпэўнены, не будзем ваяваць. Яны (праціўнікі. – Заўвага) разумеюць, што мы можам сур'ёзна адказаць. А гэта адначасовая гібель мільёнаў людзей. Гэта новая вайна. Калі што, мы станем усе Брэсцкай крэпасцю, але абаронім сваю зямлю», – сказаў Кіраўнік дзяржавы.

«Атрымалі незалежнасць, дык яе трэба зберагчы. Усяляк. Пажадана без вайны», – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Падводзячы вынікі VII УНС, Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ўсе ўключаныя ў парадак дня пасяджэння пытанні былі разгледжаны.

«Будзем лічыць, што мы яшчэ вяршыні ў нашай рабоце не дасягнулі. Абяцаю, што дасягнем. Завяршылася работа першага пасяджэння VII Усебеларускага народнага сходу, сфарміраванага ў новым канстытуцыйным статусе. У летапіс дзяржаўнага будаўніцтва ўпісана новая старонка», – заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў, што вялікае бачыцца на адлегласці, УНС цяпер толькі ў пачатку вялікага шляху.

«Мы, народ Беларусі, зыходзячы з адказнасці за сучаснасць і будучыню краіны, жадаючы забяспечыць мір і згоду, дабрабыт нашых грамадзян, непахіснасць народаўладдзя, незалежнасць і працвітанне нашай Беларусі, прынялі дакументы стратэгічнага планавання: Канцэпцыю нацыянальнай бяспекі і Ваенную дактрыну нашай дзяржавы. У гэтых дакументах нашы імкненні і надзеі», – адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Такім чынам у час пасяджэння быў закладзены прававы фундамент прававой бяспекі Беларусі. «Гэта залог выканання жаданняў мільёнаў беларусаў. Упэўнены, прынятыя рашэнні паслужаць трывалай асновай для захавання беларускага народа як унікальнай гістарычнай супольнасці і прымнажэння нацыянальнага здабытку, створанага цэлымі пакаленнямі», – заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Але адных рашэнняў недастаткова, заўважыў ён. «Наперадзе самае галоўнае – карпатлівая работа. І тут я хачу ўберагчы вас ад абыякавасці. Быць дэлегатам УНС – гэта ў першую чаргу несці адказнасць за лёс краіны. Выступаць барометрам грамадскіх настрояў. Быць прынцыповым у абароне нацыянальных інтарэсаў. Усім нам трэба будзе даць справаздачу аб сваёй рабоце. Далажыць тым, хто вас дэлегаваў, па ўсіх пытаннях, якія разглядаліся. Данесці да кожнага, як важна сёння быць моцнымі, адзінымі і з'яднанымі ў адстойванні інтарэсаў роднай краіны. Вас дэлегавалі – значыць, вам давяраюць, да вас прыслухоўваюцца. Выкарыстоўвайце гэты давер на карысць працвітання нашай роднай зямлі. Умацоўвайце свой аўтарытэт справамі, падтрымлівайце ініцыятывы людзей, дапамагайце ім аб'яднацца для гэтага», – заклікаў дэлегатаў беларускі лідар.

«Наша веча, Усебеларускі народны сход, не падмяняе дзяржаўныя органы і не ўмешваецца ў іх дзейнасць. Усебеларускі народны сход – вядома ж, палітычны інстытут. Гэта тая пляцоўка, на якой прысутнічаюць усе: ад звычайнага, простага вяскоўца, рабочага за станком да Кіраўніка дзяржавы – дзе мы павінны абмяркоўваць галоўныя стратэгічныя пытанні будаўніцтва і арыентаваць наша грамадства, па якім шляху ісці, развівацца. Нельга дапусціць, каб УНС ператварыўся ў бюракратычны апарат. У кампетэнцыі УНС выключна глабальныя пытанні, стратэгія: як будзем жыць далей, як будзем развівацца, на якіх каштоўнасцях будзем выхоўваць дзяцей і будаваць нашы грамадскія адносіны», – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Штодзённыя ж пытанні – будаўніцтва дамоў, рамонт дарог, дахаў, агароджаў і гэтак далей – былі і застануцца ў кампетэнцыі ўсёй вертыкалі органаў улады, звярнуў увагу Прэзідэнт.

«І мы не будзем на гэта вочы закрываць, вы, дэлегаты, у тым ліку. Але ў любых справах, вялікіх і малых, нам усім неабходна кіравацца нацыянальнымі інтарэсамі. Вырашаць задачы па–дзяржаўнаму. Не дапускаць кан'юнктурных падыходаў. Мы будзем сапраўдным нацыянальным фронтам. Мы павінны, не гледзячы ні на што, быць вышэйшымі за асабістыя амбіцыі і бягучыя абставіны. Наша задача – абараніць суверэнітэт і незалежнасць нашай Радзімы. Мы павінны захаваць краіну, забяспечыць яе шчаслівую будучыню. Больш гэта ніхто не зробіць за нас. Таму што час выбраў нас!» – рэзюмаваў беларускі лідар. 

Версія для друку

Дыпмісіі Беларусі за мяжой

Усе дыпмісіі Сайт МЗС
Перайсці