:

Аб сустрэчы Прэзідэнта Беларусі А.Лукашэнкі з Прэзідэнтам Расіі У.Пуціным

01.08.2025 г.

Прэзідэнты Беларусі і Расіі Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін 1 жніўня праводзяць сустрэчу на востраве Валаам (Ладажскае возера) у Карэліі.

Расійскі лідар сустрэў беларускага калегу каля ўвахода ў Смаленскі скіт Валаамскага манастыра. Прэзідэнты цёпла віталі адзін аднаго. «У патрэбны час, у патрэбнае месца», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнікі дзяржаў наведалі Храм Смаленскага абраза Божай Маці, дзе адбыўся кароткі малебен.

Пасля гэтага Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін зрабілі кароткія заявы для СМІ адносна будучага перагаворнага парадку дня. 

Расійскі лідар адзначыў, што падобныя сустрэчы — гэта магчымасць абмеркаваць бягучыя справы ў адносінах дзвюх краін. Тавараабарот паміж Беларуссю і Расіяй перасягнуў $50 млрд. «Праектаў шмат у вельмі важных, перспектыўных галінах. Зразумела, пры такім аб'ёме заўсёды шмат пытанняў узнікае. У нас будзе магчымасць гэтыя пытанні абмеркаваць», — сказаў ён.

«Выхадныя мы пакладзём на алтар абмеркавання», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён таксама падзякаваў расійскаму калегу за добрую традыцыю штогод сустракацца на Валааме.

«Я падлятаў сюды і адзначаў, што мы з вамі добрую традыцыю зарадзілі. Два праваслаўныя народы. Мы як прадстаўнікі кожны год (сустракаемся на Валааме. — Заўвага), — сказаў Прэзідэнт. — Гэты храм ужо як родны. Але на пад'ездзе заўважылі, што Смаленскі скіт — гэта добра. Але беларускага няма скіта», — сказаў Кіраўнік Беларусі.

«Гэта наша агульнае», — падкрэсліў у сувязі з гэтым Уладзімір Пуцін.

Тым не менш Аляксандр Лукашэнка прапанаваў пабудаваць на Валааме яшчэ адзін невялікі, беларускі, храм: «Мы таксама падумаем. Месца тут хапае — пабудаваць храмік. Падумаем над гэтым, раз ужо дарога пракладзена сюды».

«Так, калі ласка. З задавальненнем», — адрэагаваў Прэзідэнт Расіі.

Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што на Валаам прыязджае шмат беларусаў. «Вера адна — праваслаўная наша. Таму дзякуй вам, што вы заклалі добрую традыцыю», — сказаў ён.

У працяг сустрэчы Прэзідэнты Беларусі і Расіі Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін адказалі на пытанні журналістаў.

Кіраўнікоў дзяржаў спыталі пра санкцыйны націск Захаду і меры ў сувязі з гэтым, ці будзе неяк мяняцца бягучая антысанкцыйная стратэгія. 

«Мы ўжо ўсё памянялі, што нам трэба было. Калі перад намі закрыў нехта дзверы — у свеце вельмі шмат адкрытых дзвярэй. І Расія, і Беларусь сёння зрабілі вельмі сур'ёзны разварот. Думаю, час міне, і свет яшчэ ацэніць тое, што зроблена намі. Гэта было проста немагчыма ўявіць у пачатку 2020-х гадоў. Тым не менш зрабілі. Жывём і будзем жыць. у нашым свеце нікому не ўдасца паставіць нас на калені. Мы поўныя рашучасці адстаяць свае інтарэсы», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў, што Расія — гэта скарбніца карысных выкапняў і тэхналогій. Але патрэбны час, каб канчаткова ўсім, хто сумняваецца, даказаць, што краіны разам здольны на многае.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што на сваёй нядаўняй сустрэчы з беларускімі дыпламатамі сказаў, што «санкцый няма» і няма чаго пра іх гаварыць. «Санкцыі — гэта магчымасці. Думаю, і ў Расіі гэтак жа, яшчэ больш востра разумеючы гэта пытанне, дзейнічаюць. Мы побач заўсёды былі і будзем. Не перажывайце за гэтыя санкцыі», — сказаў Прэзідэнт.

У ходзе размовы з прадстаўнікамі СМІ Прэзідэнты Беларусі і Расіі Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін пацвердзілі планы па пастаўцы ракетнага комплексу «Арэшнік» у Беларусь да канца года.

«Канкрэтыка ў тым, што ваенныя, хоць яны людзі канкрэтныя і ўсюды спяшаюцца, хацелі гэты „Арэшнік” (беларускую пазіцыю) размясціць недзе ў будучым годзе. Уладзімір Уладзіміравіч адкрыта сказаў: „У гэтым годзе мы ў асноўным павінны закончыць гэтыя працэсы — будаўніцтва, стварэнне і гэтак далей. Мы ад гэтага не адыходзім пакуль?” — сказаў беларускі лідар.

„Не”, — пацвердзіў Уладзімір Пуцін.

„У нас створаны першы серыйны комплекс „Арэшнік”. Першая серыйная ракета. І яна паступіла ў войскі. Цяпер серыя пачала працаваць”, — адзначыў Прэзідэнт Расіі.

Ён таксама паведаміў, што беларускія і расійскія ваенныя спецыялісты выбралі месца для будучых пазіцый і цяпер ідзе работа па іх падрыхтоўцы. „Таму, хутчэй за ўсё, мы да канца года гэта пытанне закрыем”, — заявіў Уладзімір Пуцін.

„Не скачам. Мы робім спакойна. Няма такой неабходнасці бегчы на апярэджванне”, — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён адзначыў, што пазіцыі пабудаваць даволі проста, але трэба рэалізаваць і іншыя мерапрыемствы, у тым ліку абараніць гэтыя пазіцыі.

„Усё па плану ў нас”, — падкрэсліў Уладзімір Пуцін.

Рэзюмуючы, Аляксандр Лукашэнка заклікаў не перажываць за бяспеку.

Гаворачы аб урэгуляванні ўкраінскага канфлікту, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў важнасць прадаўжэння мірных перагавораў. 

Расійскі лідар нагадаў, што мірныя перагаворы па Украіне пачыналіся менавіта ў Беларусі.

„Так, тры раўнды прайшлі. Не падабаецца ў Беларусі, ну добра. Мы з Уладзіміравічам абмяркоўвалі — ды хоць на Месяц, куды хочаце. Але трэба садзіцца за стол перагавораў і размаўляць, а не кідаць каменнем адзін у аднаго”, — падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка таксама падкрэсліў, што не трэба крычаць: „Я хачу сустрэцца з Пуціным!” „Ну чаго ты крычыш аб гэтым? Падрыхтуйце адпаведную глебу, заявы і іншае. Амерыканцам пра гэта гаварыў. Падрыхтуйце, а потым садзіцеся і падпісвайце, — сказаў ён. — І Трампа клічце, Макрона, каго хочаце, Стармера… Але трэба ж падрыхтаваць гэта. Што, яны не разумеюць? Разумеюць. А калі так заяўляюць, значыць, не хочуць. Проста на публіку (робяць заявы. — Заўвага)”. 

Ён заявіў, што абсалютна падтрымлівае Прэзідэнта Расіі ў яго падыходах наконт перагавораў. „Вайна вайной, але перагаворы вядуцца заўсёды. Амерыканцы ваявалі ў В'етнаме за блізкім светам і з першага дня вайны вялі перагаворы”, — заўважыў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

У гэтым плане Аляксандр Лукашэнка ўказаў на памылку ўкраінскага боку: „У тым, што яны патрабуюць немагчымага. Тое, што яны гавораць, і тое, што прапануе Расія, — гэта за сталом перагавораў вырашаецца. Там могуць (быць. — Заўвага) кампрамісы, адступленні, павароты, развароты. А вось так у лоб — гэта на публіку. Гэта да таго, што „мы гаворым шмат, а рабіць нічога не хочам”.

У цэлым Аляксандр Лукашэнка заклікаў спыняць небяспечную эскалацыю і рабіць гэта акуратна.

Беларусь у сваю чаргу таксама ўносіць лепту ў мірны працэс, садзейнічаючы абменам на граніцы паміж Расіяй і Украінай: „Тое, што расіяне дамаўляюцца ў Стамбуле з украінцамі (Уладзімір Уладзіміравіч, помніце, тэлефанаваў мне, дзякаваў), — прадаўжэнне ў Беларусі. Мы ўсё робім — абмены гэтыя на граніцы”.

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што ўкраінцы для гэтых абменаў адкрылі ўчастак граніцы, аднавілі на патрэбным участку чыгуначныя перавозкі. „Гэта значыць зрухі ёсць”, — канстатаваў беларускі лідар.

„Пра дзяцей шмат крычалі. Калі ласка, расіяне гавораць, прыязджайце, глядзіце. Вядуцца перагаворы ўпаўнаважанымі па правах чалавека Расіі і Украіны, па дзетках вядуцца перагаворы, — прадоўжыў Прэзідэнт Беларусі. — Што зрабіла дрэнна Расія? Ідзе вайна, дзеці засталіся беспрытульныя. Накармілі, адзелі. Не, іх у гэтым абвінавацілі. За што? Калі ласка, давайце дамаўляцца. І абмен ідзе”.

Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін па гэтым пытанні адзначыў, што, як высветлілася, і не было заяўленай колькасці дзяцей, пра якіх гаварыў украінскі бок.

„Тры ці чатыры дзіцяці абмянялі, якія (бацькі. — Заўвага) дзяцей згубілі”, — пацвердзіў Аляксандр Лукашэнка.

„Калі мы ў ходзе перагаворнага працэсу ў Стамбуле сказалі: „Калі ласка, давайце спісы”, нічога ж няма”, — адзначыў Прэзідэнт Расіі.

„Спісаў няма. Таму ідзе нагнятанне публічнае. Гэта не на карысць. Трэба проста садзіцца за стол і дамаўляцца, якія б ні былі пазіцыі”, — упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт Беларусі пракаменціраваў дэдлайны Прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, якія ён адводзіць Расіі на спыненне ваеннага канфлікту ва Украіне.

Аляксандр Лукашэнка назваў Дональда Трампа „нашым агульным сябрам, за якога мы так перажывалі”. „Я помню нашы перажыванні, каб ён перамог і гэтак далей”, — адзначыў ён.

Каменціруючы заявы Прэзідэнта ЗША наконт дэдлайнаў, Аляксандр Лукашэнка сказаў: „50, 60, 10 дзён. Так палітыка не робіцца. Калі ён міру хоча, ён павінен падключацца акуратна, грунтоўна. Гэта ваеннае сутыкненне. І ўказаць там не атрымаецца. Тым больш ядзернай дзяржаве. Гэта проста смех выклікае”.

„Вы ведаеце, нядаўна я сустракаўся з амерыканцамі. Я ім адкрыта гэта сказаў. Гэта яго (Дональда Трампа. — Заўвага) блізкія сябры. Вы, гавару, Прэзідэнту скажыце, што трэба акуратна гэта ўсё рабіць. І можна дамовіцца”, — заявіў Прэзідэнт Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка ў прыватнасці згадаў пра агучаную раней прапанову аб паветраным перамір'і, і гэта тэма закраналася і на яго сустрэчы з прадстаўнікамі ЗША: „Я гавару: Расія ў гэтым зацікаўлена і Прэзідэнт Пуцін. Але вы ж гэтага не хочаце. Скажыце Зяленскаму, няхай на гэта ідзе, каб не было вось гэтых лятаючых апаратаў і на галаву людзям не падалі”.

„Ужо апошняе. Вы ведаеце выпадак, калі ўжо ў Беларусі (упаў беспілотнік. — Заўвага) — 59 кілаграм узрыўчаткі, начынены шарыкамі і іншае. Ну добра, не ўзарваўся. Ударыў па 10-павярховым доме, дзе жылі звычайныя простыя людзі”, — заявіў Прэзідэнт.

„Таму небяспечная вось гэта эскалацыя. Нам трэба спыняць гэта. І рабіць трэба гэта акуратна”, — падкрэсліў беларускі лідар.

Уладзімір Пуцін, адказваючы на пытанне, як ён ацэньвае ход і перспектывы перагавораў з Украінай, адзначыў, што перагаворы заўсёды запатрабаваныя і важныя. „Асабліва калі гэта імкненне да міру. Я ацэньваю (перагаворы. — Заўвага) у цэлым станоўча. Як жа можна не станоўча ацэньваць тое, што сотні людзей вярнуліся на радзіму. Гэта станоўча”, — падкрэсліў ён.

Расійскі лідар нагадаў, што Расія з гуманітарных меркаванняў перадала тысячы цел загінулых украінскіх салдат і атрымала ў адказ некалькі дзясяткаў цел расійскіх ваеннаслужачых. „Хіба гэта не станоўча? Зразумела, гэта станоўча”, — дадаў Уладзімір Пуцін.

Паводле слоў Прэзідэнта Расіі, Масква разлічвае, што працэс перагавораў з Украінай будзе прадоўжаны. Разам з тым, падкрэсліў ён, для вырашэння пытання мірным шляхам патрэбна весці грунтоўныя размовы: „І не на публіцы. Гэта рабіць трэба спакойна, у цішыні перагаворнага працэсу. Менавіта для гэтага мы прапанавалі стварыць тры групы”.

Гаворачы пра рэакцыю ўкраінскага боку, расійскі лідар назваў яе ў цэлым пазітыўнай. Бакі дамовіліся, што могуць весці такія перагаворы „без усялякага палітычнага трэску, у спакойным рэжыме” і шукаць кампраміс. І хоць рабочыя групы для вядзення перагавораў пакуль не пачалі работу, першая рэакцыя Кіева, як паказалася Маскве, была станоўчай, рэзюмаваў расійскі лідар.

Уладзімір Пуцін заявіў, што Расіі патрэбны доўгі і трывалы мір.

„Успомніце: зусім нядаўна нашы ворагі і нядобразычліўцы гаварылі аб неабходнасці нанясення Расіі стратэгічнага паражэння на полі бою. А сёння ў іх іншая (адна, але палымяная страсць): спыніць наша наступленне чаго б гэта ні каштавала”, — падкрэсліў расійскі лідар. 

Пры гэтым, дадаў Прэзідэнт Расіі, ставіцца мэта заняцца пытаннямі даўкамплектавання і пераўзбраення ўкраінскай арміі, чаго Расія дапусціць не можа.

„Паўтараю яшчэ раз: нам патрэбны доўгі і трывалы мір на добрых базавых падставах, якія задавальнялі б і Расію, і Украіну, забяспечылі б бяспеку абедзвюх краін. І, напэўна, маюць рацыю тыя перагаворшчыкі з украінскага боку, якія акуратна, між іншым, але ўсё ж такі выклалі ідэю аб тым, што трэба гаварыць, можа, і аб еўрапейскай бяспецы ў цэлым”, — сказаў Уладзімір Пуцін.

Адказваючы на пытанне аб магчымым падключэнні Беларусі да перагаворнага працэсу па Украіне, Аляксандр Лукашэнка сказаў: „Мы даўно дамовіліся з Уладзімірам Уладзіміравічам. Калі трэба, ён заўсёды скажа, падключыць Беларусь. І да працэсу, і да працэсаў”.

Прэзідэнт таксама нагадаў, што Беларусь ужо ўдзельнічае ў рэалізацыі мірных дамоўленасцей, увасабляючы ў жыццё тое, што было дасягнута на перагаворах паміж Расіяй і Украінай у Стамбуле. Размова перш за ўсё аб забеспячэнні працэсу абмену ваеннапалоннымі і целамі загінулых.  

„У Стамбуле дамовіліся. Важныя пытанні: абмен ваеннапалоннымі, параненымі і іншае-іншае… Я тэлефанаваў Уладзіміру Уладзіміравічу і расказваў, што мы аднолькава да ўсіх ставімся. Ён гэта падтрымлівае. Людзі — і ўкраінцы, і расіяне — яны ж воіны. Хтосьці паранены, хтосьці яшчэ нечага… Усіх жадаючых мы ў бальніцу адразу, калі тэрмінова трэба аказаць дапамогу. А такія людзі ёсць”, — сказаў Прэзідэнт Беларусі.

Пры гэтым размова ідзе не толькі пра абмен ваеннапалоннымі, але і пра перадачу цел загінулых ваеннаслужачых. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, у гэтым пытанні ўкраінцы давяраюць толькі беларусам. „Нас папрасілі расіяне, украінцы. Згадзіліся з гэтым. Мы гэта робім. Трэба будзе, прапануюць яшчэ”, — сказаў на заканчэнне ён.

„Мы вельмі ўдзячны Аляксандру Рыгоравічу і наогул Беларусі за тую падтрымку, дапамогу, якую нам Беларусь аказвае (у перагаворным працэсе. — Заўвага). І Прэзідэнт Беларусі. Мы ў кантакце пастаянна. Я пастаянна інфармую Аляксандра Рыгоравіча аб выніках перагавораў. Усе абмены ж у нас адбываюцца на тэрыторыі Беларусі. Там пачаўся перагаворны працэс у 2022 годзе. Потым перабраўся ў Стамбул”, — сказаў Уладзімір Пуцін.

Расійскі Прэзідэнт адзначыў, што яму добра вядома пазіцыя беларускага калегі і ўсяго беларускага народа, які імкнецца да таго, каб паміж Расіяй і Украінай хутчэй настаў мір: „Аляксандр Рыгоравіч прымае ў гэтым непасрэдны ўдзел”.

Ва Уладзіміра Пуціна спыталі, як ён ацэньвае сітуацыю ў зоне спецыяльнай ваеннай аперацыі і дынаміку руху наперад. „Нашы войскі наступаюць па ўсёй лініі баявога сутыкнення. Па ўсёй — і ў прыгранічнай зоне, і ў Данецкай рэспубліцы, Луганскай, і ў Запарожжы, і ў Херсоне”, — сказаў Уладзімір Пуцін.

Прэзідэнт Расіі таксама пракаменціраваў нядаўняе ўзяцце расійскімі войскамі населенага пункта Часаў Яр. „Мы ўжо чулі аб тым, што гэта не адпавядае рэчаіснасці. Я магу вас запэўніць, што гэта поўнасцю адпавядае рэчаіснасці”, — падкрэсліў ён.

У сваю чаргу Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што Часаў Яр адкрывае дарогу на Краматорск. „Я гэта да чаго гавару… Украіна павінна сёння бягом прасіць яго: Уладзімір Уладзіміравіч, давайце сядзем за стол перагавораў, давайце дамовімся. У адваротным выпадку праз месяц, паўтара, два там нават абарончых збудаванняў не застанецца. Расіяне ўсё гэта памаленьку адгрызуць, захопяць і пойдуць далей”, — упэўнены ён.

Кіраўнік дзяржавы лічыць, што Кіеву трэба як мага хутчэй дамаўляцца з Масквой аб міры. Прэзідэнт адзначыў, што напярэдадні сабраў усю інфармацыю па лініі фронту і зверыў яе з данымі расійскага боку. І беларускія, і расійскія даныя аб сітуацыі на фронце поўнасцю супалі.

„Нават у Сумскай вобласці (вы там буферную зону гэту імкняцеся стварыць) — усюды ідзе наступленне. Няхай няхутка, павольна. Я Уладзіміра Уладзіміравіча пытаўся: „Чаму павольна?” Ён гаворыць: „Людзей шкадую”. Правільна — павольна, але затое ўпэўнена. І не столькі людзей гіне, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Ведаеце, як у Вялікую Айчынную вайну: кінулі сотні тысяч — і сотні тысяч загінулі. У Польшчы толькі 600 тыс. нашых савецкіх людзей загінула. Такой вайны няма ва Украіне. Ціха, спакойна. Але гэта дае магчымасць украінцам сказаць: слухайце, давайце сядзем і дамовімся. Яны гэтага не хочуць”. 

 

Версія для друку

Дыпмісіі Беларусі за мяжой

Усе дыпмісіі Сайт МЗС
Перайсці