:
BE

Аб растлумачэнні Мінсувязі адносна змяненняў у тарыфах роўмінгу з Расіяй

03.03.2025 г.

Першы намеснік міністра сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь Павел Ткач даў растлумачэнне СМІ адносна новаўвядзенняў у тарыфах роўмінгу з Расійскай Федэрацыяй, якія ўступілі ў сілу
з 1 сакавіка 2025г.

У Мінсувязі падкрэслілі, што роўмінг не адмяняецца. Па сутнасці ўсе новаўвядзенні звязаны са змяненнем тарыфаў, і 1 сакавіка сувязь для абанентаў Расіі і Беларусі ў рамках Саюзнай дзяржавы стала больш выгаднай. «Наша сумесная скаардынаваная праца з Расеяй дазволіла істотна зменшыць тарыфы. Яшчэ ў красавіку 2022 года мы знізілі тарыфы на галасавую сувязь, давалі 40 хвілін уваходных бясплатна, выходныя каштавалі ад 22 да 27 капеек. Але з 1 сакавіка 2025-га мы перайшлі на новы этап – яшчэ больш хвілін, яшчэ больш ільгот», – сказаў Павел Ткач.

З 1 сакавіка 2025 г. уводзяцца наступныя віды льгот:


♦ Уваходныя званкі. Камфортны тарыф роўмінгу прадугледжвае 150 бясплатных хвілін на ўваходныя званкі. Кошт уваходных званкоў у роўмінгу (звыш належных бясплатных 150 хвілін) – 11 капеек за хвіліну.
♦ Выходныя званкі. Калі ў хатнім тарыфе ёсць такая опцыя, як выходныя бясплатныя хвіліны званкоў у іншыя сеткі, то будзе яшчэ да 150 бясплатных хвілін на выходныя званкі, але толькі на беларускія нумары. Калі бясплатныя хвіліны на выходныя выклікі скончыліся, то ідзе тарыфікацыя па 22-27 беларускіх капеек за хвіліну (кошт залежыць ад аператара).
♦ Інтэрнэт. Для грамадзян Рэспублікі Беларусь падчас падарожжаў па Расіі таксама прадугледжана да 5 ГБ мабільнага інтэрнэт-трафіка на льготных умовах – гэта абыдзецца да Br5 за 1 ГБ. «Гэта тарыфы, набліжаныя да хатняга рэгіёна. Гэта вельмі важна, бо сёння ўсё больш людзей выкарыстоўваюць менавіта інтэрнет для камунікацыі, а не званкі. Выклік таксі, навігатар, забаўкі – для ўсяго гэтага патрэбен доступ у сетку», – адзначыў першы намеснік міністра. Гэта датычыцца ўсіх мабільных аператараў Беларусі. 

Каб карыстацца роўмінгам, трэба праверыць, ці падключаныя паслугі «Роўмінг» і «Перадача дадзеных». «Ніякіх асаблівых дзеянняў не трэба. Калі раней вы карысталіся роўмінгам, то зараз усё тое ж самае, толькі ніжэйшы тарыф у Расіі. А калі раней не карысталіся, можна падключыць роўмінг некалькімі спосабамі: званок у кантакт-цэнтр, USSD-запыт, з дапамогай мабільнага дадатку або проста з пашпартам прыйсці ў бліжэйшы офіс свайго сотавага аператара і папрасіць падключыць паслугу», – растлумачыў Павел Ткач.

У адказ на пытанне, ці плануецца далейшае зніжэнне тарыфаў роўмінгу з Расіяй, першы намеснік міністра ўдакладніў, што ведамствы Беларусі і Расіі плануюць правесці аналіз, які вынік дало змяненне тарыфаў. «Магчыма, потым мы яшчэ нейкія карэктывы занясем. Але прынцыповае рашэнне ўжо прынятае, яно дастаткова ўзважанае і не запатрабуе дадатковых мер», – падкрэсліў ён.

Па статыстыцы за апошні год, паслугамі роўмінгу на тэрыторыі Расіі скарысталіся 2 млн. беларускіх абанентаў, на тэрыторыі Беларусі – 6 млн. расійскіх абанентаў. «Важнае ўдакладненне – не чалавек, а менавіта абанентаў. Калі чалавек некалькі разоў прыязджае ў краіну, у статыстыцы ён адлюстроўваецца адпаведнай колькасцю абанентаў. Тым не менш нават з улікам асаблівасці тэрміналогіі, лічбы кажуць аб тым, што прынятыя змены – важная падзея», – падкрэслілі ў Мінсувязі.

 

Версія для друку

Дыпмісіі Беларусі за мяжой

Усе дыпмісіі Сайт МЗС
Азія
Азербайджан - Баку (Пасольства)
Перайсці