Аб рабочай паездцы Пасла ў Расіі ў Курскую вобласць
13.11.2025 г.Надзвычайны Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі Аляксандр Рагожнік у рамках рабочага візіту ў Курскую вобласць сустрэўся з Губернатарам рэгіёну Аляксандрам Хінштэйнам.

«Я не мог не прыехаць да вас у вобласць, у нас да вашай вобласці стаўленне асаблівае. Разумеючы тое, што сёння адбываецца на вашай тэрыторыі, я вас запэўніваю, што ўся Рэспубліка Беларусь сэрцам шчыра з вамі. Адна з тэм – чым Беларусь можа дапамагчы, каб аднаўленне пацярпелых раёнаў адбылося як мага хутчэй», – заявіў Пасол.
Беларусь гатова дапамагчы ў аднаўленні пацярпелых ад атак УСУ прыгранічных раёнаў Курскай вобласці – прапанаваць розныя фінансавыя механізмы пры пастаўках будматэрыялаў, дарожнай, камунальнай іпасажырскай тэхнікі. Пры гэтым Пасол не выключыў, што для Курскай вобласці такія механізмы могуць быць распрацаваны індывідуальна.
Аляксандр Рагожнік таксама запрасіў Губернатара Курскай вобласці наведаць Беларусь з візітам.
Аляксандр Хінштэйн у сваю чаргу падзякаваў Беларусі за аздараўленне пацярпелых ад удараў УСУ дзяцей з Курскай вобласці. Губернатар паведаміў, што некалькі дзясяткаў курскіх дзяцей адпачылі мінулым летам у лагеры «Зубронак». Гаворачы аб гандлёвым супрацоўніцтве, Аляксандр Хінштэйн канстатаваў устойлівы рост тавараабароту, а таксама наладжаныя кааперацыйныя сувязі ў прамысловасці: больш як 80 прадпрыемстваў Курскай вобласці маюць партнёраў у Беларусі. Паводле яго слоў, у жыхароў рэгіёну карыстаюцца стабільным попытам беларускія прадукты харчавання, тэкстыль, трыкатаж, абутак. У сельскай гаспадарцы актыўна выкарыстоўваецца беларуская тэхніка і ўгнаенні.
Асобна Губернатар спыніўся на супрацоўніцтве ў будаўнічай сферы. Ён паведаміў, што ў гэтым годзе ў Курску ўведзены ў эксплуатацыю першы энергаэфектыўны дом на 100 кватэр, пабудаваны кампаніяй з Мазыра.
Таксама падчас візіту ў Курскую вобласць Аляксандр Рагожнік усклаў кветкі да Вечнага агню ў мемарыяльным комплексе «Курская дуга», наведаў прамысловыя прадпрыемствы і гандлёвыя аб'екты рэгіёну, праінспектаваў працу дылераў беларускіх вытворцаў.