:

Беларусь і Прыморскі край пашыраюць гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва

28.11.2022 г.


Беларусь і Расія могуць значна прасунуцца ў плане імпартазамяшчэння. Пра гэта Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 28 лістапада на сустрэчы з губернатарам Прыморскага краю Расіі Алегам Кажамякам.

Вітаючы главу Прыморскага краю, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што рады з ім сустрэцца. «Яшчэ раз пачуць, што змянілася на нашым Далёкім Усходзе, як самаадчуванне эканамічнае, ці ёсць нейкія зрухі ў супрацоўніцтве з суседзямі. Натуральна, якія цяжкасці? І ў сувязі з гэтым у чым Беларусь можа падставіць сваё плячо, дапамагчы ў гэтым плане?» – пацікавіўся беларускі лідар.

«Бачым, што ўсе праблемы, якія складваюцца сёння ў эканоміцы і Расіі, і Беларусі, пераадольныя. У бліжэйшы час сустрэнемся з Прэзідэнтам Расіі. Таксама абмяркуем гэтыя пытанні. Калі нейкія дробныя пытанні зняць з паверхні, то мы можам значна прасунуцца ў плане імпартазамяшчэння. Гэта самае галоўнае для нас цяпер», – падкрэсліў беларускі лідар.

А.Кажамяка распавёў, што гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва Беларусі з Прыморскім краем Расіі ў апошнія гады дынамічна развіваецца. Тавараабарот за тры гады вырас у 3,5 разы. Па выніках 9 месяцаў гэтага года ён вырас яшчэ амаль на 80% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года і склаў каля $40 млн.

Беларусь пастаўляе ў Прыморскі край грузавыя аўтамабілі, спецыфічныя тавары, абсталяванне і прылады для фільтравання вадкасцяў або газаў, сыры і тварог, сметанковае масла і вяршкі, будаўнічыя дэталі з пластмас. Аснову імпарту з Прыморскага краю склалі часткі і прылады для аўтамабіляў і трактароў, лекавыя сродкі, мука з мясных субпрадуктаў і рыбы, аксіды бору, электрычныя акумулятары.

У ходзе праведзенай сустрэчы адзначалася наладжанае супрацоўніцтва гэтага расійскага рэгіёна з многімі прамысловымі прадпрыемствамі Беларусі. У прыватнасці, за 9 месяцаў гэтага года Мінскі электратэхнічны завод імя Казлова экспартаваў у рэгіён сілавыя трансфарматары на $1,6 млн (у 7,4 раза больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года). Улетку гэта ж беларускае прадпрыемства падпісала мемарандум з Усурыйскім аўтарамонтным заводам, па якім плануецца арганізаваць зборачную вытворчасць сілавых трансфарматараў у Прыморскім краі.

З пачатку года Прыморскі край набыў у Беларусі 109 адзінак тэхнікі, у тым ліку 21 аўтамабіль БЕЛАЗ грузападымальнасцю 130 тон. Працягваецца работа па стварэнні сэрвіснага цэнтра, дзе на адной пляцоўцы будзе прадстаўлена каля 40 адзінак рознай тэхнікі беларускай вытворчасці.

Значна павялічыліся пастаўкі ў Прыморскі край беларускіх прадуктаў харчавання. Яны выраслі ў восем разоў з 2019 па 2021 год. А па выніках 2022 года гэты рост будзе яшчэ істотней. «Прыморчане рассмакавалі беларускую прадукцыю», – сказаў губернатар. Таму ў ліку абавязковых месцаў для наведвання дэлегацыяй Прымор'я стала выстава «Белагра», дзе дасягаюцца важныя дамоўленасці аб пастаўках харчовай і сельскагаспадарчай прадукцыі, тэхнікі для АПК.

Пры гэтым А.Кажамяка удакладніў, што вектар гандлю і паставак прадукцыі ў апошні час змяніўся на Ўсход і порты Прыморскага краю атрымалі вялікую нагрузку. Напрыклад, нядаўна праз порты Уладзівастока былі адпраўлены некалькі дзясяткаў кантэйнераў у інтарэсах беларускага вытворцы аўтамабіляў «Джылі».

Сёння ж губернатара Прыморскага краю прыняў Прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка. Падчас сустрэчы бакі спрагназавалі далейшы рост узаемнага гандлю з Беларуссю і развіццё ў рэгіёне тавараправоднай сеткі беларускіх вытворцаў.

Мінск і Уладзівасток прапрацоўваюць магчымасць арганізацыі прамых авіязносін.

Версія для друку

Дыпмісіі Беларусі за мяжой

Усе дыпмісіі Сайт МЗС
Перайсці