:

Прамкааперацыя, інавацыі, гандаль. Беларусь і Свярдлоўская вобласць падпісалі новае пагадненне

19.04.2022 г.

Віцэ-прэм'ер Беларусі Юрый Назараў і губернатар Свярдлоўскай вобласці Яўген Куйвашаў сёння ў Екацярынбурзе падпісалі новае пагадненне аб супрацоўніцтве. Інфармацыя аб гэтым апублікавана на сайце ўрада расійскага рэгіёну, паведамляе БЕЛТА.

«Пагадненне адлюстроўвае значнае пашырэнне сфер партнёрства, якое адбылося за 20 гадоў дзеяння папярэдняга дакумента і абумоўлена з'яўленнем сучасных галін прамысловасці і эканамічных выклікаў», – адзначылі ў прэс-службе ўрада Свярдлоўскай вобласці.


У 2021 годзе тавараабарот Беларусі і Свярдлоўскай вобласці стаў самым значным за апошнія пяць гадоў: яго аб'ём у параўнанні з 2020 годам вырас на 61,4 працэнта і склаў $472 млн. Найбольш маштабнымі ініцыятывамі мінулых гадоў сталі кааперацыйныя праекты ў машынабудаванні і энергетыцы. Сярод іх – распрацоўка Уральскім дызель-маторным заводам рухавіка для БелАЗа, аснашчэнне буйных горназдабыўных прадпрыемстваў рэгіёну беларускімі самазваламі, а энергетычных аб'ектаў Беларусі – паравымі агрэгатамі Уральскага турбіннага завода.

«Новая версія адпавядае сучасным рэаліям і ўключае самыя перспектыўныя сферы ўзаемадзеяння, такія як інфармацыйныя тэхналогіі, лічбавая эканоміка, экалогія і многія іншыя. Сімвалічна, што мы падпісваем пагадненне ў год 30-годдзя ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Расійскай Федэрацыяй і Рэспублікай Беларусь», – сказаў свярдлоўскі губернатар.

На думку Юрыя Назарава, прамысловая кааперацыя, выпуск агульнай прадукцыі для паставак у трэція краіны можа стаць адной з важных пунктаў росту развіцця супрацоўніцтва. Пры гэтым зняцце кавідных абмежаванняў і запуск прамога рэйса па маршруце Екацярынбург — Мінск будуць садзейнічаць істотнаму росту дзелавой актыўнасці.

«Сёння вельмі няпросты час, з аднаго боку, а з другога – ён адчыняе акно магчымасцяў. Свярдлоўская вобласць – для нас прыярытэтны гандлёвы партнёр сярод расійскіх рэгіёнаў. Але сёння важна не проста нешта прадаць і нешта купіць, а разам вырабляць. У мінулым годзе нам не толькі ўдалося захаваць станоўчую дынаміку гандлёва-эканамічных адносін, але і значна яе нарасціць. У нас ёсць усе ўмовы для наладжвання доўгатэрміновага супрацоўніцтва і супрацьстаяння санкцыйнаму ціску з боку некаторых краін», – сказаў Юры Назараў.

Паводле слоў Яўгена Куйвашава, Беларусь з'яўляецца для Свярдлоўскай вобласці надзейным, правераным сябрам. «Мы вельмі шануем падтрымку Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнку па развіцці супрацоўніцтва з нашым рэгіёнам. Шчыра ўдзячны за магчымасць прамога дыялогу з кіраўніком дзяржавы ў час маіх візітаў у Мінск. Гісторыя супрацоўніцтва Свярдлоўскай вобласці і Беларусі напоўнена дзясяткамі паспяхова рэалізаваных праектаў у прамысловасці, аграрнай сферы, навуцы, адукацыі, культуры. Безумоўна, галоўны для нас напрамак – развіццё прамысловай кааперацыі. Шмат ужо атрымалася дасягнуць. Упэўнены, што наша партнёрства будзе набіраць абароты. У нас для гэтага ёсць усе ўмовы», – падкрэсліў губернатар.

Ён дадаў, што асаблівую ролю ва ўмацаванні двухбаковых кантактаў адыгрывае работа дыпламатычных службаў. Кіраўніцтва рэгіёну рэгулярна звярае планы па супрацоўніцтве з паслом Беларусі ў Расіі Уладзімірам Сямашкам. Вялікі ўклад у развіццё партнёрства ўносіць аддзяленне пасольства Беларусі ў РФ у горадзе Екацярынбурзе.

Сёння ж адбылося пятае пасяджэнне Савета дзелавога супрацоўніцтва паміж Свярдлоўскай вобласцю і Беларуссю. Гэта калегіяльны орган, створаны ў 2011 годзе, у яго склад уваходзяць прадстаўнікі ўлады, прадпрыемстваў, бізнес-аб'яднанняў. На гэты раз у парадак дня пасяджэння ўвайшлі пытанні развіцця ранейшых праектаў, а таксама абмяркоўваліся новыя, напрыклад, па лічбавых рашэннях у розных галінах. Акрамя гэтага, на Сярэдні Урал упершыню прыехалі беларускія кампаніі лёгкай прамысловасці: тэкстыльшчыкі, абутнікі. Пратакол пасяджэння зафіксаваў гатоўнасць бакоў да нарошчвання аб'ёмаў узаемнага гандлю, паглыблення вытворча-кааперацыйных сувязей, рэалізацыі сумесных навуковых і інавацыйных праектаў, а таксама развіцця інвестыцыйнага супрацоўніцтва.
 

Версія для друку

Дыпмісіі Беларусі за мяжой

Усе дыпмісіі Сайт МЗС
Перайсці