:

Рабочы візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Расію і перагаворы з Уладзімірам Пуціным

10.09.2021 г.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў 9 верасня перагаворы з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным у Маскве, — паведамляе прэс-служба беларускага лідара.

Апошнія некалькі гадоў Беларусь і Расія дбайна працавалі над саюзнымі праграмамі па паглыбленні інтэграцыі ў фармаце Саюзнай дзяржавы. Яны прапрацоўваліся на экспертным і ўрадавым узроўнях, абмяркоўвалі іх у час асабістых сустрэч і кіраўнікі дзвюх дзяржаў.

«Тое, аб чым мы, спадзяюся, дамовімся сёння, не звязана з нейкай бягучай палітычнай кан’юнктурай у нашых краінах або з палітычным календаром напярэдадні парламенцкіх выбараў у Расіі. Гэта наша бягучая, даўняя сумесная работа на працягу многіх гадоў», — падкрэсліў Уладзімір Пуцін.

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што прыняцце саюзных праграм будзе прарывам.

«Думаю, мы добра папрацуем. Напэўна, ужо ў нас работы засталося менш, чым у былыя нашы сустрэчы. Яны працягваліся вельмі доўга. І па 5, і па 8 гадзін. Таму што тады даводзілася нам, можна сказаць, як „бульдозеры“ праходзіць, каб расчысціць дарогу для ўрадаў і экспертаў. Яны папрацавалі, але ўвесь час натыкаліся на праблемы, якія не маглі вырашыць або прыняць рашэнне», — адзначыў беларускі лідар.

Ён нагадаў гісторыю пытання, як усё пачыналася ў Сочы. Тады лідары краін па запатрабаванні народаў і ў адказ на крытыку, што няма дынамікі ў Саюзнай дзяржаве, «накрэслілі» больш за 30 дарожных карт. «Схематычна прадставілі. Потым, працуючы над гэтымі картамі, прыйшлі да высновы (больш як год таму), што нам патрэбны канкрэтныя планы, а ўжо не нейкія схемы, і мы перайшлі на саюзныя праграмы. І вось сёння атрымалася, што мы гатовы абмеркаваць ужо на апошняй стадыі 28 праграм. Гэта вельмі шмат. Гэта асноўныя буйныя тэмы і напрамкі нашага супрацоўніцтва, каб даць магчымасць урадам заўтра (на саюзным Саўміне. — Заўвага) яшчэ раз на экспертным і ўрадавым узроўні разгледзець іх. Калі яны прымаюць, то на Вышэйшым дзяржсавеце, як мы дамаўляліся з вамі (магчыма, у канцы кастрычніка), прымем канчаткова гэтыя праграмы», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

«Гэта будзе прарыў. Прарыў у многіх сферах. Гэта не тайна. Мы апублікуем гэтыя праграмы, пакажам, па якіх напрамках мы працавалі», — падкрэсліў беларускі лідар.

«Мы рухаемся, як і ўсе цывілізаваныя краіны. Толькі разам, толькі ў саюзе, родныя дзяржавы, блізкія народы. Практычна адзіны народ: ад аднаго кораня і рускія, і беларусы. Мы робім сваю справу, а яны (грамадзяне дзвюх краін. — Заўвага) ужо няхай нас ацэньваюць», — дадаў Прэзідэнт Беларусі. 

Версія для друку

Дыпмісіі Беларусі за мяжой

Усе дыпмісіі Сайт МЗС
Перайсці