Аб сумесным пасяджэнні калегій знешнепалітычных ведамстваў Беларусі і Расіі
22.11.2024 г.22 лістапада 2024 г. у г.Брэсце адбылося штогадовае сумеснае пасяджэнне калегіі МЗС Рэспублікі Беларусь і калегіі МЗС Расійскай Федэрацыі на чале з кіраўнікамі знешнепалітычных ведамстваў дзвюх краін Максімам Рыжанковым і Сяргеем Лаўровым.
Гэта першае ў гісторыі МЗС дзвюх краін такое мерапрыемства ў выязным фармаце.
Міністры адзначылі сімвалізм правядзення сустрэчы ў Брэсце ў год 80-й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У гэтым кантэксце пацверджана непахіснасць палітыкі абедзвюх краін па захаванні гістарычнай праўды і недапушчэнні перапісвання і скажэнні гераічнага подзвігу савецкага народа ў гады Другой сусветнай вайны. «Мы будзем і надалей патрабаваць справядлівасці, павагі нашых агульных каштоўнасцей, неўмяшання ва ўнутраныя справы», – акцэнтаваў М.Рыжанкоў.
Удзельнікі пасяджэння падрабязна абмеркавалі актуальныя пытанні беларуска-расійскага супрацоўніцтва ў розных сферах, падвялі прамежкавыя вынікі рэалізацыі сумесных планаў і праграм на 2024 год, разгледзелі перспектывы развіцця ўзаемадзеяння ў рамках інтэграцыйных аб'яднанняў і пашырэння ўзаемнай падтрымкі на міжнародных пляцоўках. Дыпламаты таксама абмяняліся ацэнкамі стану глабальнай і рэгіянальнай бяспекі.
Асаблівая ўвага ў ходзе сустрэчы была нададзена шляхам і метадам далейшай інтэнсіфікацыі ўзаемадзеяння Беларусі і Расіі з краінамі Глабальнага Поўдня як у двухбаковых фарматах, так і на шматбаковых трэках. Адзначана, што ШАС і БРІКС – важныя элементы знешнепалітычных стратэгій дзвюх краін. Дасягнута дамоўленасць аб далейшай каардынацыі дзеянняў і падыходаў на гэтым напрамку.
М.Рыжанкоў выказаў удзячнасць расійскім калегам за падтрымку і садзейнічанне ва ўступленні Беларусі ў ШАС і атрыманні статусу краіны — партнёра ў БРІКС. Кіраўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства пацвердзіў гатоўнасць да актыўнай работы на гэтых пляцоўках, якія зарэкамендавалі сябе ядром пабудовы ўстойлівага, справядлівага шматпалярнага светаўладкавання.
Падчас калегіі былі таксама разгледжаны сумесныя крокі па барацьбе з інструменталізацыяй міжнароднага права ў скарацечных палітычных мэтах.
Прынятая ў рамках калегіі тэматычная Дэкларацыя заклікана ў чарговы раз прыцягнуць увагу сусветнай супольнасці да праблемы палітызацыі краінамі калектыўнага Захаду міжнароднага права і праводзімай імі палітыкі па падмене агульнапрынятых норм і адзіных правілаў канцэпцыяй «мірапарадку, заснаванага на правілах».
Бакі абмяняліся думкамі аб шляхах і сродках супрацьдзеяння санкцыйнаму ціску ЕС, ЗША, а таксама магчымых сумесных кроках па далейшым нівеляванні негатыўных наступстваў аднабаковых абмежавальных мер.
Па выніках пасяджэння быў падпісаны шэраг значных дакументаў:
Пастанова сумеснага пасяджэння калегіі Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь і калегіі Міністэрства замежных спраў Расійскай Федэрацыі;
План кансультацый паміж Міністэрствам замежных спраў Рэспублікі Беларусь і Міністэрствам замежных спраў Расійскай Федэрацыі на 2025 год;
Дэкларацыя Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі аб павышэнні ролі міжнароднага права і аб кіруючых прынцыпах, якія датычацца кваліфікацыі аднабаковых прымусовых мер у якасці супрацьпраўных, а таксама шляхоў і сродкаў супрацьдзеяння, змякчэння і кампенсавання негатыўных наступстваў такіх мер;
Дакумент «Сумеснае бачанне Еўразійскай хартыі разнастайнасці і шматпалярнасці ў XXI стагоддзі».
У рамках работы калегій у Брэсце дыпламаты дзвюх краін усклалі кветкі да Вечнага агню мемарыяльнага комплексу «Брэсцкая крэпасць-герой» і ўшанавалі хвілінай маўчання памяць герояў, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
М.Рыжанкоў і С.Лаўроў сустрэліся таксама з маладзёжным актывам Брэсцкай вобласці і адказалі на хвалюючыя моладзь пытанні па міжнароднай праблематыцы.
–